Архіў

Тысяча гадоў беларускай Кнізе

Сёлетняе сьвяткаваньне Дня беларускага пісьменства будзе адбывацца ў Тураве, які наноў, пасьля многіх стагодзьдзяў, набыў афіцыйны статус гораду. Сівы Тураў ад ХІІІ ст. ня меў гэткае ўвагі да сябе. Улады парупіліся нават пра тамтэйшыя платы, расфарбаваўшы іх. Чакаецца багата гасьцей. Ва ўсёй гэтай перадсьвяточнай куламесе забыліся толькі на адно: менавіта ў Тураве тысячу гадоў таму было створана славутае Эвангельле, самая старажытная беларуская кніга, што дайшла да нас.

Здавался б, самы час, каб на сьвята згадаць пра гэты ўнікальны помнік нашага пісьменства й мастацтва. Але не. Нічога пра тысячагадовы юбілей Тураўскага Эвангельля ніхто пакуль не сказаў.

Тым часам гэта наша рэліквія, што паходзіць з ХІ ст. і да сёньня зьберагаецца ў Вільні. Там мне пашчасьціла пабачыць яе двойчы. Першага разу — 10 гадоў таму, у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Тады, працуючы там, я стаў сьведкам таго, як Тураўскае Эвангельле вымалі з мэтаю прафіляктычнага нагляду. Фарбы рукапісу зусім не пабляклі за тысячагодзьдзе. Бальшыня тых ініцыялаў-літарак расфарбаваныя адно трыма колерамі: чырвоным, зялёным і сінім, а астатнія тэксты — брунатна-барвовымі, нібы запечаная кроў. Шчыра кажучы, я гатовы быў пабачыць усё што хочаце, толькі ня гэткія дзівосна жывыя літары, напісаныя нібы толькі ўчора.

Напэўна, гэтае Эвангельле, зважаючы на яго выкшталцонае аздабленьне, мела й багата мініятураў. Але, на вялікі жаль, яны не захаваліся. Наагул, да нас дайшло толькі 10 аркушаў гэтага рукапісу на шчыльным глянцаваным пэргамэнце. На кожнай з 20 старонак — па 18 радкоў тэксту. Загалоўныя літары — ініцыялы — займаюць па 8 радкоў, а таму глядзяцца манумэнтальна й ўрачыста, як асобныя дэкаратыўныя элемэнты. Месцамі трапляюцца й маргінальныя аздобы ў выглядзе гронак. Упэўненая графіка й дасканалая арнамэнтыка ініцыялаў сьведчаць пра высокі ўзровень каліграфічнага майстэрства безыменнага творцы з Турава. Сама стылістыка рукапісу й яго дэкарацыі ўзыходзіць адначасова і да бізантыйскай, і да раманскай традыцыяў. Наша Тураўскае Эвангельле вельмі блізкае стылістыкай выкананьня да гэтак званага Рэймскага Эвангельля, таксама ХІ ст.

Таксама вялікую каштоўнасьць маюць так званыя ўкладныя запісы, што зьберагліся на палёх рукапісу. Яны былі зроблены ў 1508, 1513 і ў 1781 гадах. Зь першых запісаў, зробленых уласнай рукою славутага гетмана Канстанціна Астроскага, пераможцы маскоўскай арды пад Воршаю, вынікае, што кніга належала найстаражытнейшай царкве Раства Багародзіцы ў Тураве, на прадмесьці Заяцельле.

У 1800 г. на месцы тае найстаражытнейшае царквы была ўзьведзена на сродкі прыхаджанаў новая й высьвечана пад найменьнем Спаса-Праабражэньня. Менавіта адсюль у 1865 г. Эвангельле было вывезенае М.Сакаловым у Віленскую публічную бібліятэку.

Другога разу я змог пабачыць Тураўскае Эвангельле ў 2000 г. Было гэта на выставе, прымеркаванай да міленіюму. Наша кніга адкрывала ўсю шыкоўную экспазыцыю. Бо гэта самая старажытная з кніг, што ёсьць цяпер у Літве. Трэба зазначыць, што й дэманстравалася яна шыкоўна — у асобным шкляным сэйфе з падсьветкаю, зь ніцямі-заціскачкамі з золата. У Вільні гэты скарб добра даглядаецца. Яшчэ ў 1962—1963 г. Тураўскае Эвангельле было адрэстаўраванае, увабранае ў новы пераплёт. Дарэчы, стары пераплёт, ХVІІ ст., зьберагаецца таксама, але асобна.

Што б чакала гэтую рэліквію ў Беларусі, сказаць цяпер цяжка. Ці вынесьлі б яе з полымя ХХ ст.? Не засталося й знаку ад тае царквы, дзе яна некалі зьберагалася. Зьніклі бязь вестак тысячы іншых беларускіх рэліквій. А нават тое, што ёсьць у сховах Беларусі, патрабуе да сябе несувымерна большае ўвагі, чым ёсьць.

Вось і цяпер, рыхтуючы ў Тураве чарговае сьвята, арганізатары не згадалі пра нашую сьвятыню — Тураўскае Эвангельле. Не парупіліся яго выдаць ні дзяржава, ні царква.

Бадай, за гэтым рэжымам гэта нерэальна. Культуры не хапае. Для некаторых гісторыя Беларусі пачынаецца ад 1995 г. Аднак стагодзьдзе толькі пачалося. Мяркую, 20 старонак у пяць колераў зможам выдаць і прыватным чынам.

Сяргей Харэўскі

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Наталля Пяткевіч стала віцэ-прэм'ерам, а Каранік узначаліў Акадэмію навук5

Наталля Пяткевіч стала віцэ-прэм'ерам, а Каранік узначаліў Акадэмію навук

Усе навіны →
Усе навіны

Расію асабліва раздражняе Кая Калас4

«Мамкін пястун». У Мінску адкрылася скандальная расійская дастаўка сушы — назвы страў эпатуюць7

Мінадукацыі рэкамендуе круціць на школьных выпускных песні нявесткі Лукашэнкі6

Эрдаган запусціў праграму па масавай праверцы вагі грамадзян на вуліцах5

Працягваецца збор грошай на вакацыі для дзяцей палітвязняў. Але сабрана толькі палова сумы4

Беларуска стамілася чакаць вяртання грошай за тур і пайшла ў суд. Турфірма: Усё навалілася, як снежны ком

Лукашэнка абавязаў наймальнікаў цалкам кантраляваць жыццё работнікаў-замежнікаў — аж да таго, ці парадак у кватэры7

Беларускія і расійскія ютуб-каналы цэнтралізавана баняць няўгодных каментатараў8

Цяжарную мінчанку асудзілі за працу вэбкам-мадэллю. Яна вінная дзяржаве 378 тысяч даляраў28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наталля Пяткевіч стала віцэ-прэм'ерам, а Каранік узначаліў Акадэмію навук5

Наталля Пяткевіч стала віцэ-прэм'ерам, а Каранік узначаліў Акадэмію навук

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць