У гэтую школу новыя вучні паступаюць кожны аўторак, пасьля прыходу чарговага этапу, а на дзьвярах клясаў — акенцы.

У Бабруйскай выхаваўчай калёніі для падлеткаў, так званай «малалетцы», 1 верасьня — таксама сьвята.

У актавую залю ўваходзяць па атрадах, апранутыя ва ўсё чорнае. Самы маленькі ростам забягае ў залю са званочкам. Выступаюць дырэктар школы, начальнік калёніі, нампаліт зычыць навучэнцам цярплівасьці ў новым навучальным годзе. Паміж выступамі сьпяваюць выхаванцы музычнага гуртка. Тут словы песьні «Детство, детство, ты куда летишь» упершыню для мяне набылі нейкі зьмест.

Заняткі ў школе пачнуцца толькі 2 верасьня, пасьля кляснай гадзіны «Беларусь — наша Радзіма». Але спачатку адбудзецца разьбіўка на клясы: сёлета склад вучняў абнавіўся на 90% пасьля вялікай амністыі, прысьвечанай 60-годзьдзю Перамогі. Першыя тыдні верасьня — праверка ведаў вучняў. Зазвычай аказваецца, што яны ня ведаюць амаль нічога. Многія ў 16—17 гадоў маюць толькі па тры клясы адукацыі, ня ўмеюць пісаць і чытаюць толькі па складах (30—40 слоў у хвіліну). Многія зь іх не хадзілі ў школу на волі.

Начальнік калёніі, палкоўнік унутранай службы Сяргей Пяркоўскі, кажа, што большасьць выхаванцаў тут кіраваныя і паслухмяныя, але, калі пасьля вызваленьня яны вяртаюцца ў былое асяродзьдзе, усё можа пачацца спачатку. У многіх выпадках непаўналетнімі злачынцамі робяцца з вымушанай нэндзы: 50% тых, хто сядзіць за крадзяжы, проста ня мелі чаго есьці. Большасьць дзяцей у калёніі зь «непасьпяховых» сем’яў.

Паводле слоў Пяркоўскага, падлеткавая злачыннасьць найбольш цынічная і жорсткая. Часта гэта групавыя злачынствы, калі спрацоўвае статкавы інстынкт. Лідэры групы, дарослыя, часта падбіваюць маладзейшых браць усю адказнасьць на сябе: падлеткам вышэйшая мера пакараньня прадугледжана да 15 гадоў, няма «вышкі» — пажыцьцёвага зьняволеньня. Так многія апынаюцца ў калёніі празь няправільна зразуметае пачуцьце салідарнасьці. Многія вяртаюцца ў калёнію па некалькі разоў.

Для таго каб стаць настаўнікам у гэтай школе, трэба прайсьці спэцправерку (давесьці, што ў цябе няма судзімасьцяў, што не крымінальныя сваякі). Большая частка настаўнікаў застаюцца тут на доўгія гады. З аднаго боку, працаваць за калючым дротам ня вельмі прыемна. З другога — калі ў звычайнай школе «дрэнных» дзяцей 2—3 чалавекі ў клясе, дык тут такія ўсе, а таму няма перад кім паказваць сваё «я». Яшчэ адна асаблівасьць — у калёніі ёсьць іншыя меры ўзьдзеяньня, акрамя пэдагагічных. Тут вядзецца працоўнае спаборніцтва, узнагародай у якім пасылка з дому ці сустрэча са сваякамі, таму вучыцца ёсьць дзеля чаго. Акрамя школьных настаўнікаў, дзень і ноч з навучэнцамі займаюцца выхавацелі. Важдаюцца зь імі, як з уласнымі дзецьмі.

Дырэктарка школы Ларыса Чарняк лічыць, што сакрэт посьпеху — у бесьперарыўнасьці навучальнага працэсу. Калі на волі многія са зьняволеных школу прапускалі, дык тут паспрабуй не прыйдзі. З 307 вучняў толькі 4 засталіся на другі год. Настаўнік францускай мовы Валер Багдановіч ганарыцца, што адзін зь ягоных выпускнікоў пасьля вызваленьня зьехаў у Францыю: ягоных ведаў хапае, каб жыць у Парыжы.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0