6 верасьня з Акадэміі МУС выключылі актывіста «Маладога фронту» Сержука Савіча, які ўдзельнічаў улетку ў акцыі пратэсту супраць разьмяшчэньня расейскай радыёлякацыйнай станцыі пад Ганцавічамі.

На пачатку верасьня з працы звольнены вылучэнцы ў кандыдаты ад ПБНФ настаўнік гісторыі Аляксей Сюдак (Вялейскі раён), пэдагог-псыхоляг Вольга Лагвіновіч (Маладэчна), а таксама сябар ініцыятыўнай групы З.Салаўёва энэргетык Мікола Пратасевіч (Вушацкі раён), звальненьне пагражае Алесю Меху (Кобрынь).

Старшыня Агульнарэспубліканскага страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі і ягоны намесьнік Аляксандар Васільеў 7 верасьня асуджаны на два гады калёніі агульнага рэжыму кожны за абразу гонару і годнасьці прэзыдэнта і арганізацыю масавай вулічнай акцыі, 9 верасьня Леванеўскі абвясьціў галадоўку, бо яму няма дзе спаць у камэры.

20 жніўня Мінінфармацыі прыпыніла выхад «Предпринимательской газеты» : маўляў, тая зьмяніла тэматыку і пэрыядычнасьць выхаду, не паведаміўшы ў міністэрства. 24 жніўня міністэрства прыпыніла выданьне газэты «Время» на 3 месяцы (маўляў, праблемы зь юрыдычным адрасам). 31 жніўня Менскі абласны суд адхіліў скаргу актывісткі АГП Людмілы Шчарбовіч з Жодзіна на дзеяньні аблвыканкаму і аблсавету пры фармаваньні акруговых камісій. Актывіст АГП зь вёскі Чысьць Маладачанскага раёну Ўладзімер Зьвернік 31 жніўня быў звольнены з працы, пасьля таго як вырашыў балятавацца ў дэпутаты. З 1 верасьня ў Жодзіне ліквідавалі адзіную ў горадзе трэцюю беларускамоўную клясу. У Гомелі Беларуска-славянская гімназія імя Івана Мележа (адзіная беларускамоўная школа) перайшла зь верасьня на выкладаньне прыродазнаўчых дысцыплін па-расейску. Юрыст міжрэгіянальнай незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі «Вясна Паазер’я» Аляксей Лукашэвіч 2 верасьня аштрафаваны на 3 б.в. за ўдзел 3 ліпеня ў грамадзкім галасаваньні наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. 2 верасьня Крычаўскі суд аштрафаваў сябра БСДГ, патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Мікалая Гердзія за абразу сакратаркі выбарчай камісіі на 1 б.в. Мінюст 3 верасьня зноў адмовіў у рэгістрацыі Партыі свабоды і прагрэсу, прычына — «парушэньне парадку стварэньня партыі». Ад старшыні Лагойскай суполкі ПБНФ Зьмітра Шэвеля чыноўнікі Лагойскага райвыканкаму 3 верасьня запатрабавалі звольніцца з працы альбо зьняць сваю кандыдатуру з выбараў. Цэнтральны суд Менску 6 верасьня не задаволіў скаргі адвакаткі Веры Страмкоўскай, якая прасіла прызнаць далейшае ўтрыманьне Міхаіла Марыніча пад вартай незаконным, Страмкоўская зьвярнулася са скаргай у Вярхоўны суд. 7 верасьня патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Зьміцер Бародка атрымаў у пашпарце штамп, які дазваляе выезд за мяжу, але 13 верасьня яго змусілі звольніцца з працы. Вярхоўны суд 7 верасьня пакінуў правамоцным папярэджаньне, вынесенае Мінюстам на адрас ПКБ за ўдзел у кааліцыі «5+». Актывіст «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на 10 сутак арышту за тое, што 7 верасьня на мітынгу на Кастрычніцкай плошчы скандаваў «Ганьба!» падчас абвяшчэньня рэфэрэндуму. Кватэру актывіста АГП, намесьніка дырэктара выдавецкага дому «Время» Аляксандра Цынкевіча 7 верасьня тройчы наведалі супрацоўнікі міліцыі. Пры распаўсюджваньні газэты «Зубр» у Менску былі затрыманыя актывісты аднайменнай арганізацыі Максім Н., Алена М. і Аляксей С. Прафсаюз РЭПАМ 7 верасьня зьвярнуўся ў Вярхоўны суд са скаргай на рашэньне Мінюсту аб адмове ў рэгістрацыі зьмен і дадаткаў у статут арганізацыі. Прэтэндэнтцы ў кандыдаты ад БСДП (НГ) Вользе Карач Віцебская акруговая камісія №19 вынесла папярэджаньне. У Воршы 8 верасьня кіраўніцтва гарадзкога цэнтру культуры забараніла менскай суполцы «Пагоня» і аршанскаму клюбу «Рэнэсанс» праводзіць раней узгодненую мастацкую выставу да 490-х угодкаў Аршанскай бітвы. Праваабаронца Валер Шчукін быў зьбіты 8 верасьня ў Менску невядомымі, якія не забралі ў яго ніякіх рэчаў. Акруговая камісія Глыбоцкай акругі 9 верасьня адмяніла папярэджаньне прэтэндэнту ад ПБНФ Яраславу Берніковічу. За распаўсюд газэты «Зубр» 9 верасьня затрыманы актывісты аднайменнай арганізацыі Аляксей Шыдлоўскі, Аляксандар Атрошчанкаў, Надзея Халадзінская, Марына Лебедзева, Максім Громаў, Дар’я Малдаванава, Аляксандар Ушко, Аляксей Ляўковіч, на ўсіх склалі пратаколы. Ляўковіча затрымалі паўторна 11 верасьня і аштрафавалі на 30 б.в. У Гомелі 11 супрацоўнікаў КДБ і міліцыі сарвалі сэмінар маладых сацыял-дэмакратаў, прысьвечаны рэфэрэндуму і парлямэнцкім выбарам. Асабліва цікавіліся сацыял-дэмакратам са Швэцыі Альбэнам Даленам, якога завялі ў асобны кабінэт, пыталі пра мэту візыту ў Беларусь, здымалі на відэакамэру. 11 верасьня супрацоўнікі міліцыі й абласной управы юстыцыі, спасылаючыся на тэракты ў Маскве, правялі праверку гарадзенскай сядзібы БНФ «Адраджэньне» падчас сустрэчы актывістаў арганізацыі з прадстаўніком ГА «Партнэрства». Падчас пасяджэньня сойму ПБНФ 11 верасьня міліцыянты акружылі сядзібу партыі, затрымлівалі й абшуквалі тых, хто зь яе выходзіў. Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала 14 верасьня адхіліў скаргу кіраўніка Беларускай партыі працы Аляксандра Бухвостава на рашэньне ВС пра ліквідацыю партыі. Па 20 б.в. штрафу атрымалі 14 верасьня Яўген Валадзько, Сяргей Ададураў і Вячаслаў Сінгараў за несанкцыяваны пікет у Салігорску супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0