Суб’ектыўныя нататкі з канфэрэнцыі, дзе гаварылася пра Беларусь

Не было пытаньня — ехаць ці ня ехаць, хаця летась беларускіх удзельнікаў падобнай канфэрэнцыі наша тэлебачаньне заклеймавала як паклёпнікаў, а КХП БНФ — як маскоўскіх калябарантаў.

Натуральна, што ілюзій наконт нейкіх карэнных зьменаў не было: геапалітыка не мяняецца за год. Аднак хацелася пачуць нешта зь першых рук. Кулюары сочынскай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, Бесланская трагедыя, чаканьне пуцінскіх адміністрацыйных навацый, 3-я гадавіна тэракту ў ЗША, лёсаносныя выбары на Ўкраіне, жаданьне Лукашэнкі йсьці на трэці тэрмін, заява наконт гэтага расейскага МЗС — усё гэта складала пэўную інтрыгу.

Сьвідравала сумленьне няёмкасьць за тое, што «саюзная» Беларусь у асобе свайго прэзыдэнта прадэманстравала цынізм, выкарыстаўшы публічна трагічны для Расеі момант для вырашэньня сваіх амбіцыйных праектаў.

Першыя ўражаньні камфорту і гармоніі — фірмовы цягнік, ветлівая сустрэча, пераезд чысьцюткім аўтобусам у прыстойны гатэль з канфэрэнц-заляй — зьмяняюцца знаёмым пачуцьцём беларускай прыкрасьці і мэлянхоліі. Разам з матэрыяламі канфэрэнцыі атрымліваем копію артыкулу сп.Караганава з «Российской газеты» за 9 верасьня, дзе аўтар гаворыць, што «Расея ня будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, пакуль там усё праходзіць легітымным шляхам», ды цешыць загалоўкам, што «пастанова пра рэфэрэндум — гэта яшчэ ня выбары». Я добра памятаю «легітымныя элегантныя» прэзыдэнцкія выбары 2001 г., з вынікам якіх Пуцін віншаваў Лукашэнку. На ўчастку ў школе на вул.Гвардзейскай, дзе я быў назіральнікам і арганізаваў прысутнасьць замежных журналістаў пры падліку галасоў, Лукашэнка прайграў Ганчарыку 41:46, а назаўтра намесьнік Ярмошынай сп.Лазавік па радыё заявіў, што ў Менску такога не было.

Калі ж Расея сплаціць доўг за ўмяшальніцтва і за падтрымку канстытуцыйнага перавароту ў лістападзе 1996 году?

З прэзэнтаванай літаратуры адразу выбіраю часопіс сьвежых аналітычных матэрыялаў «Вестник аналитики» (№3 за 2004 г.), які пачынаецца рэфлексіямі Аляксандра Цыпка (галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту міжнародных дасьледаваньняў РАН) «Развагі аб прыродзе і прычынах краху постсавецкага лібэралізму». Пакуль ідзе рытуальны пачатак канфэрэнцыі, пасьпяваю прачытаць на старонцы 9 і пра «магчымае дзяржаўнае аб’яднаньне Расейскай Фэдэрацыі зь Беларусьсю»: «Што дрэннага ў аднаўленьні натуральных… нацыянальных, канфэсіянальных межаў на Захадзе, шматвекавой мяжы ў Берасьці… калі б дзесяць мільёнаў адукаванай, працалюбівай Беларусі, сярод насельніцтва якой больш за чвэрць расейцаў, зьлілося ў адзіную дзяржаву? Нічога!» Сапраўды, для Расеі зусім нічога дрэннага. Прыгадаўся адразу гістарычны кур’ёз, калі Ельцын медзьведзявата-хамавата перад паездкай у Віскулі, выступаючы ў Вярхоўным Савеце XII скліканьня, падараваў беларусам гістарычную карціну «Ўзяцьце расейскімі войскамі Смаленску». Тады на маё абуранае зьдзіўленьне міністар замежных справаў Козыраў адрэагаваў так: «Але ж мы вас тады ад літоўцаў вызвалілі…»

«Выратуе сумленны намэнклятуршчык»

Усе расейскія выступоўцы, за выключэньнем хіба намесьніка старшыні камісіі Дзярждумы ў замежных справах сп.Юлія Квіцынскага ды сп. А.Падбярозкіна (цяпер дзяржслужбовец Падліковай палаты РФ), гаварылі аб браку дэмакратыі беларускага прэзыдэнта і яго магчымым сыходзе.

Дыскусію распачаў галоўны рэдактар незалежнага інтэрнэт-дайджэсту «Putin.ru» І.Царык, які па-пазытывісцку альгарытмічна-структуравана выклаў сваё бачаньне пэрспэктываў сацыяльна-палітычнага разьвіцьця ў Беларусі пасьля кастрычніцкіх выбараў, падмацаваўшы ўсё прыгожымі схемамі. З магчымых 4 камбінацый складу парлямэнту і галасаваньня за нядобрага Лукашэнку, паводле сп.Царыка, нас не чакае нічога добрага. Асабліва небясьпечныя спробы карэннай зьмены элітаў. Тады — катастрофа.

І адсюль выснова: больш пэрспэктыўны варыянт — з прэзыдэнтам намэнклятурнага тыпу, але прагрэсіста «з чалавечым тварам». Гэта прыблізна тое, што даводзіў прэзыдэнт Кучма сваім землякам на Дзень незалежнасьці.

І расейскі бок, і нашы прысутныя лібэральныя аналітыкі, спасылаючыся на досьвед постсавецкага кіраваньня ў СНД, без энтузіязму ўспрынялі канцэпцыю пошукаў лідэраў зь ліку ненамэнклятурнай новай генэрацыі палітыкаў, якія праз працяглую базавую працу набылі досьвед і аўтарытэт у няўрадавых структурах грамадзянскай супольнасьці. У прыватнасьці, прыводзіўся прыклад Віктара Карніенкі з Гомелю, які лёгка сабраў 12 000 подпісаў выбаршчыкаў.

Пётра Садоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0