In memoriam

«Ці ж думаў ты калі-небудзь, што ўсё вось так атрымаецца?

Што будзе ранак — сьветлы, чысты, празрысты, што сонечна будзе на дварэ, што ўсё існае па-за жытлом тваім будзе клікаць цябе да жыцьця, сьпяваць будзе... — а ты захутаешся з галавою ў коўдру й будзеш пакутаваць ад наступу дня, будзеш маліць, каб ён затрымаўся ў сваёй дарозе, будзеш уздрыгваць ад аднаго ўжо сьвятла, бо ня толькі не пацягнешся да ўсяго таго, што абяцае табе абуджэньне жыцьця, але й будзеш баяцца гэтага абуджэньня — і свайго, і ўсяго сьвету, зь якога ты выпадаеш...»

Алесь Асташонак

«Жоўты колер белага сьнегу»

Адны жывуць розумам і таму ўспрымаюць жыцьцё як камэдыю. Другія жывуць пачуцьцямі, і для іх жыцьцёвы шлях — трагедыя. Алесь Асташонак належаў да другіх.

Мы называлі адзін аднаго сябрамі, і доўгі час у гэтым не было перабольшаньня.

З Алесем бывала ўдумна, бывала весела, бывала нясьцерпна, але ніколі не бывала сумна.

Кім толькі ён ні працаваў — перакладчыкам у Альжыры, выхавальнікам у прафтэхвучэльні, выкладчыкам францускае мовы, рэдактарам упраўленьня тэатраў і музычных установаў, інспэктарам па працы з замежнымі студэнтамі, рэдактарам выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» й рэдактарам часопісу «Крыніца», асыстэнтам псыхіятра й асыстэнтам нарколяга... Але на сваім месцы Алесь быў адно за пісьмовым сталом, дзе нараджаліся таленавітыя апавяданьні, «настроі», п’есы, кінасцэнары — рамантычна-ўзьнёслыя й брутальна-бязьлітасныя, але нязьменна інтэлектуальныя, псыхалягічна дакладныя, філязафічныя. А яшчэ ён перакладаў з францускай і ангельскай — максімы Лярошфуко, «Плянэту малпаў» П’ера Буля, «Востраў скарбаў» Стывэнсана...

Ён цікава й імкліва пачынаў. Прадмову да ягонай першай кнігі прозы «Фарбы душы» (1989) напісаў Алесь Адамовіч. Асташонка ўжо ведалі як аўтара пастаўленых у некалькіх тэатрах п’есаў «Іскры ўначы» і «Камэдыянт, ці Ўзьнёсласьць сумнае надзеі». «Камэдыянт» неўзабаве зьявіўся ў вэрсіі мастацкага тэлефільму, а іншы фільм паводле Алесевага сцэнару — «Сон» — атрымаў першую прэмію на міжнародным конкурсе ў Гішпаніі.

Ён быў ня з тых літаратараў, што хаваюцца пад пісьмовым сталом ад падзеяў у краіне. Ягонае адметнае аблічча памятаюць удзельнікі гістарычных «Дзядоў» 1988-га, дзе Асташонак апынуўся ў самым эпіцэнтры й потым доўга ачуньваў ад хрыбеталомнага ўдару прафэсіянала ў цывільным. Я быў сьведкам Алесевых пакутаў, бо пасьля тых падзеяў на мяне палявала міліцыя і дом Асташонка стаўся на некалькі тыдняў маім прытулкам.

Аднак нязьмерна цяжэйшымі для Алеся заўсёды былі пакуты душы, якая на ўсё жыцьцё засталася ў яго па-дзіцячаму даверлівай, наіўнай і безабароннай.

Аднойчы, начытаўшыся сьвежых газэтаў, ён прыйшоў у бар Дому літаратара і прапанаваў мне й астатнім прысутным абвясьціць бестэрміновую галадоўку пратэсту ў адказ на нейкую заяву прэм’ера Кебіча. Быў пачатак 1990-х, часы, якія цяпер шмат каму згадваюцца як багаславёныя.

Што б прапанаваў Алесь, начытаўшыся сёньняшніх газэтаў?

Але ён не чытаў іх. Амаль дзесяць гадоў таму ён мусіў пакінуць Беларусь. Зусім не з палітычных прычынаў, аднак без магчымасьці вяртаньня. Прынамсі так лічыў сам Асташонак.

Нітка лёсу небясьпечна напялася й зазьвінела.

Навіны з радзімы ня лекавалі душу. Апрача ўсяго іншага, у 1996-м у «Мастацкай літаратуры» спынілі даведзены да карэктуры другі зборнік Алесевай прозы. Новае, добранадзейнае кіраўніцтва выдавецтва насьцярожыла ўжо назва — «П’яная кніга, або Жоўты колер белага сьнегу». Ад кніг патрабавалася быць цьвярозымі, ад сьнегу — белым.

Мне няпроста ўявіць, як Асташонак жыў у сваёй недалёкай эміграцыі. Ці то абставіны не дазвалялі прымаць сяброў, ці то ён баяўся такіх сустрэчаў, ашчаджаючы душу, бо ў нас, няхай і з прыгодамі, выходзілі кнігі, а ён адгукаўся толькі рэдкімі дзёньнікавымі запісамі й перакладамі.

Сёлета яму споўнілася пяцьдзясят. Дзень 7 верасьня стаў у ягоным жыцьці апошнім.

Я стаю ля акна, нібы герой апавяданьня, што дало назоў нявыдадзенай Алесевай кнізе, і ўяўляю, як недзе там, можа, зусім побач, ён, Алесь, таксама стаіць зараз ля акна і, магчыма, чуе, як я ціха прамаўляю ягонае ўлюбёнае: «Vita brevis, patria aeterna».

Уладзімер Арлоў

P.S. Пасьля крэмацыі прах Алеся Асташонка прывезены на радзіму і будзе пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0