Адміністрацыйная камісія Ленінскага раёну Горадні 8 верасьня аштрафавала на 5 б.в. актывіста прафсаюзу РЭПАМ Івана Романа за распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных зьвестак (прафсаюзны бюлетэнь «Шабер»). 14 верасьня міліцыянты ўварваліся ў працоўны кабінэт дэпутата ПП НС Сяргея Скрабца ў Лідзе, дзе ён вёў прыём выбарцаў, і канфіскавалі каля 1000 асобнікаў справаздачы пра дэпутацкую дзейнасьць, кваліфікуючы іх як выбарчую агітацыю. У Віцебску 15 верасьня ў сябе дома быў затрыманы Сьцяпан Цішуцін : яго падазравалі ў надпісах на сьценах «Не — рэфэрэндуму» і «Галасуйце за Карач». Міліцыянты наладзілі ў яго дома ператрус. Сама дэпутатка Віцебскага гарсавету Вольга Карач з кастрычніка стане беспрацоўнай: яе звальняюць з СШ №27, бо сканчаецца абавязковы тэрмін яе працаўладкаваньня як маладой спэцыялісткі. Падчас раздачы бюлетэню «Беларусь: нераскрытыя злачынствы найноўшай гісторыі» каля Пракуратуры Беларусі 16 верасьня былі затрыманы сябар БХК Гары Паганяйла і незарэгістраванай «Вясны» Тацяна Рэвяка , а таксама рэпарцёр «Інтэрфаксу» Аляксей Букчын — на праваабаронцаў склалі пратакол за распаўсюджваньне друкаваных выданьняў без выходных зьвестак. Валер Леванеўскі 16 верасьня спыніў галадоўку: адміністрацыя Гарадзенскага СІЗА выканала ягонае патрабаваньне і выдзеліла яму спальнае месца. На рэдактарку гарадзенскай газэты «Биржа информации» Алену Раўбецкую 16 верасьня распачалі адміністрацыйную справу за парушэньне арт.5 Закону аб друку — «распаўсюджваньне зьвестак, якія ганьбяць гонар і годнасьць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі». Падчас «Шэсьця бяздомных студэнтаў» у Менску 16 верасьня былі затрыманы Алесь Васілеўскі, Юры Сідун, Сяржук Семянюк ; суды маюць адбыцца 28 верасьня — юнакоў абвінавачваюць у супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні. Мінюст 16 верасьня накіраваў у Вярхоўны Суд пазоў пра ліквідацыю Беларускага Хельсынскага камітэту : падстава — зварот БХК наконт прызнаньня рэфэрэндуму незаконным. У Салігорску падчас акцыі «Хочам ведаць праўду» 16 верасьня былі затрыманы сябар АГП Яўген Валодзька і сябар ПБНФ Уладзімер Пятровіч . 17 верасьня ў судзе Пятровіча аштрафавалі на 20 б.в., Валодзьку — на 150 б.в., у абодвух у кошт штрафу апісалі маёмасьць бацькоў. Уначы з 16 на 17 верасьня падчас расклейкі самаробных улётак супраць рэфэрэндуму былі затрыманы Аляксей Чарняеў і Алена Валынец-Чарняева — на іх склалі пратаколы паводле арт.143 КаАП (антысанітарыя). Таварыства «Альянс-мэдыя» (уладальнік Сяргей Атрошчанка) зьвярнулася ў Ленінскі суд Менску з пазовам да газэты «Народная воля» наконт кампэнсацыі каля 836 тыс. руб. дадатковых судовых выдаткаў. У Магілёве 17 верасьня падчас распаўсюду газэты «Зубр» былі затрыманы Мікалай Ільін і Яўген Сувораў . ТБМ зьвярнулася да ўпраўленьня адукацыі Менгарвыканкаму з заклікам спыніць русіфікацыю школ: у беларускамоўных 10-х клясах СШ №168 па-расейску сталі выкладацца 7 прадметаў з 12, падобнае ж назіраецца ў беларускамоўнай гімназіі №17. Падчас канцэрту Вячаслава Бутусава ў Менску ў падтрымку беларускіх музыкаў затрыманы актывісты «Зубра» Дар’я Малдаванава, Аляксандар Ушко, Мікіта Сасім, Максім Громаў, Тацяна Елавая , якія ўзьнялі сьцягі арганізацыі, за распаўсюджваньне газэты «Зубр» затрыманы Алена Корбач, Зінаіда Крыванос, Арцём Салаўёў . 17 верасьня адміністрацыя РУП «Белаэранавігацыя» паведаміла былому віцэ-прэзыдэнту Беларускага прафсаюзу аэрадыспэтчараў Алегу Долбіку , што адмаўляецца працягваць зь ім працоўны кантракт пасьля 1 кастрычніка. У Барысаве падчас раздачы газэты «Зубр» затрымалі Аляксандра Казакова і непаўналетнюю Вікторыю Вайцяховіч . На калгасным рынку Ліды 19 верасьня падчас распаўсюду ўлётак і бюлетэню «Предприниматель» затрыманы Зьміцер Леванеўскі , Валераў сын. 20 верасьня Вольга Завадзкая падала заяву ў суд Цэнтральнага раёну Менску на Пракуратуру Беларусі: тая праігнаравала патрабаваньне ўзнавіць крымінальную справу па новаадкрытых акалічнасьцях зьнікненьня ейнага сына пасьля заявы А.Лукашэнкі на прэс-канфэрэнцыі 20 ліпеня. Салігорскі гарвыканкам 20 верасьня адмовіў Незалежнаму прафсаюзу гарнякоў РУП «ВА «Беларуськалій» праводзіць 23 верасьня пікет супраць уціску правоў незалежных прафсаюзаў. У Віцебску 20 верасьня былі затрыманы сябры КХП-БНФ Уладзімер Плешчанка, Аляксандар Салаўян і Барыс Хамайда , якія ладзілі пікет супраць выбараў і рэфэрэндуму.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0