Конкурс прыгажосьці 2004 г. стаў экспэрымэнтам па ўкараненьні дзяржуплыву ў мод-біз

Першы ўсеБССРаўскі конкурс прыгажосьці адбыўся ў 1988 г. Яго пераможцай стала Анжаліка Ялінская — вядомая ў свой час сьпявачка. Пазьней Ліка зрабілася «Міс фота СССР». Цяпер яна жыве ў Расеі і стала там пераможцай конкурсу «Місіс Расея».

У конкурсе «Міс СССР-90» перамогу атрымала беларуска Марыя Кежа. На радзіме дзяўчына пасьпела таксама заваяваць тытулы «Віцебская прыгажуня-88» і «Панна Беларусь-89». Цяпер яна жыве ў Францыі і працуе ў фірме «Лянсэль».

Цікава, што рэгіянальныя конкурсы прыгажосьці зьявіліся ў Беларусі раней за агульнадзяржаўныя. У Горадні абласныя конкурсы праводзяцца з 1987 г., спачатку як камэрцыйнае мерапрыемства, аднак цяпер гэта падкантрольны аблвыканкаму адборачны тур да «Міс Беларусь». Тыя, хто быў блізкі да правядзеньня такіх мерапрыемстваў у 80-я, прыгадваюць рэзкі супраціў з боку камсамольскай вярхушкі.

У сярэдзіне 90-х самымі буйнымі падзеямі айчыннага мод-бізу былі конкурсы «Супэрмадэль Беларусі» Аляксандра Варламава. Яны праводзіліся з 1992 г. Лічылася, што там значную ролю адыгрывалі грошы бізнэсоўцаў-спонсараў. І тут на самым высокім узроўні ўзьнікла пытаньне: а чаму б ня ўзяць у дзяржаўныя рукі гэтае прыбытковае і прафэсійнае мерапрыемства?

90 + 60 + 90 + маральныя якасьці

Як нам растлумачылі ў Нацыянальнай школе прыгажосьці, «Міс Беларусь» — прадстаўніца нашай краіны, якая валодае цэлым шэрагам якасьцяў. Апроч зьнешняй прывабнасьці і адпаведнасьці стандартам прыгажосьці, важныя «інтэлектуальныя і маральныя якасьці». Пераможца «Міс Беларусь» — гэта не звычайная супэрмадэль, а «прадстаўніца краіны на сусьветным узроўні». Супэрмадэлі дастаткова мець добрую фігуру і ўмець рухацца на сцэне. Гэта значыць, «фактычна іншы ўзровень арганізацыі і правядзеньня». А яшчэ сваю ролю адыграў выразна камэрцыйны характар мерапрыемства: важна было праводзіць сумленны і адкрыты выбар. Калі ж прызы ўручаліся ў капэртах, мажлівасьці для гэтага не было.

«Міс Беларусь» вырасла з конкурсу «Міс Нацыянальная мадэль Беларусі» — наступніка варламаўскай «Супэрмадэлі». Пасьля ўтварэньня Нацыянальнай школы прыгажосьці ў 1997-м пачаўся адбор удзельніц на І Нацыянальны конкурс прыгажосьці «Міс Беларусь-98». Пераможцай стала Сьвятлана Крук з Горадні. Аднак і яна, і яе наступніца «Міс Беларусь-2000» Ганна Стычынская не змаглі рэалізаваць свой патэнцыял у галіне мод-бізу. Конкурс праводзіўся пад патранажам дзяржавы, аднак тады «на высокім узроўні яшчэ не была ўсьвядомлена простая ісьціна: прыгажосьць стварае імідж краіны ня горш за спорт».

Адбіраў прэзыдэнт

За «Міс Беларусь-2002» узяліся як за падрыхтоўку да Алімпіяды. Акрамя кастынгаў, зрабілі вялікі прамоўшн конкурсу ўдзелам пераможцы ў «Міс Эўропа». Не абышлося без удзелу прэзыдэнта і тэлетрансьляцыі.

Вольга Неўдах стала першай беларускай мадэльлю, на якую працавалі ўсе СМІ. Праўда, і яна не пайшла далёка — на «Міс Эўропа» дабралася да паўфіналу, а на «Міс сьвету» не патрапіла ў дваццатку.

Канкурсанткам далі паступіць

Фінал сёлетняга конкурсу «Міс Беларусь» мусіў прайсьці яшчэ 29 чэрвеня. Аднак загадам Міністэрства культуры быў перанесены на 24 верасьня. Як меркавалі тады ў Нацыянальнай школе прыгажосьці, прычына заключалася ў паступленьні многіх канкурсантак у ВНУ. Насамрэч аказалася, што правілы конкурсу мусілі падагнаць да эўрастандартаў. «Цяпер на званьне «Міс Беларусь» можа прэтэндаваць дзяўчына 18—25 год і ростам не ніжэйшая за 176 сантымэтраў. Раней век удзельніц мог быць і 17 гадоў, а рост — 168 см», — кажа намесьніца дырэктара НШП. Праўда, праз замалы век некалькі першапачатковых фіналістак аказаліся «за бартом» конкурсу, а замянілі іх абласныя ўпраўленьні культуры без узгадненьня з НШП. «Праз гэта ды празь зьмены ў жыцьці ўжо адабраных канкурсантак, накшталт працы за мяжой, і адбыліся жнівеньскія кастынгі па ўсёй краіне», — кажуць у НШП.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Трафілаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0