Бойня ў Бэслане шакавала расейскае грамадзтва.

Ні гібель самалётаў перад тым, ні трагедыя «Норд-Осту» такога ўзрушэньня не выклікалі. Ня толькі расейцам, але й беларусам важна зразумець — чаму?

Справа ня толькі ў бесчалавечнасьці ваеўнікоў і гібелі дзяцей. Хіба захоп раддому быў больш гуманным актам? Хіба пры штурме тэатру на Дуброўцы загінула мала дзяцей? Прыйдзецца дапусьціць, што або іх колькасьці было тады недастаткова, каб шакаваць, або гібель ад рук «сваіх» спэцназаўцаў не ўспрымаецца ў Расеі як трагедыя. Дарэчы, успомнім: прыкладна год таму падчас пажараў у дзіцячых інтэрнатах Расеі цягам некалькіх дзён загінула дзяцей больш, чым на Дуброўцы. Расея тады нават брывом не павяла — прынамсі, калі меркаваць па эфіры маскоўскіх тэлеканалаў, перапоўненых забаўляльнымі перадачамі.

Цяпер, дарэчы, стала вядома, што ваеўнікі ў сьпіны дзяцей, якія пачалі ўцякаць пасьля выбуху ў школьнай спартзалі, не стралялі (што абсалаютна не здымае з тэрарыстаў віны). Большасьць школьнікаў сталі ахвярамі шквальнага перакрыжаванага агню асэтынскіх апалчэнцаў, спэцназу й тэрарыстаў. Тут напрошваецца аналёгія з падзеямі расейскай гісторыі — гісторыі, зрэшты, не такой ужо і даўняй. У 1962-м у Новачаркаску ўнутраныя войскі атрымалі загад страляць ва ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі рабочых, якія пратэставалі супраць павышэньня цэнаў (як у Менску ўвесну 91-га). Першы залп быў папераджальны — стралялі па вяршынях дрэў. І першымі ахвярамі сталі менавіта дзеці, якія залезьлі на дрэвы, каб было лепш відаць. Так што ў расейскіх спэцвойскаў ёсьць пэўныя традыцыі, якія ідуць ад НКВД і загараджальных атрадаў. І традыцыі гэтыя пры сучасным кіраўніцтве ў Расеі ніколькі не асуджаюцца, а ўсхваляюцца.

Шок быў выкліканы іншымі, далёкімі ад чалавекалюбства, прычынамі. ФСБ разам з усялякімі «Вымпэламі» прадэманстравала сваю поўную бездапаможнасьць і тапорнасьць у барацьбе з тэрарызмам. Як трапна выказалася паліталягіня Лілія Шаўцова ў «Московских новостях», спэцорганы ў Расеі ствараліся зусім не для гэтага, а выключна для аховы рэжыму. І гэты рэжым захістаўся пад ударамі тэрарыстаў, колькасьць якіх непараўнальна меншая за колькасьць гітлераўскіх войскаў альбо войскаў НАТО — заўсёднага ворага пасьляваеннага СССР, а потым і Расеі. І зусім не тэрарысты (чытай — чачэнцы) абвясьцілі вайну Расеі, як заявіў Пуцін. Гэта Расея ўсчала вайну ў Чачэніі акурат дзесяць год таму. За гэты час выявілася, па-першае, што ўлада Масквы ня можа трываць інакш як у стане пэрманэнтнай вайны, а па-другое, яна ня можа перамагчы, нават маючы тысячаразовую перавагу над праціўнікам. Трагедыя ў Бэслане стала сьведчаньнем чарговай паразы, Цусімай ХХІ ст. для крамлёўскага кіраўніцтва.

Натуральна, такая параза патрабуе нейкага апраўданьня — і ня толькі для ўладаў, але й для народу. Як сказаў адзін нямецкі палітоляг, Гітлер у 1933-м не падмануў свой народ, ён зачараваў яго. Зрэшты, тое самае можна сказаць і пра Лукашэнку ў 94-м, і пра Пуціна ў 2000-м. Апраўданьне павінна быць фундамэнтальным, заснаваным на сусьветнай ідэалёгіі — на меншае расейскі чалавек зь яго «шырынёй душы» ня згодны. І вось у «Известиях» (пасьля таго, як галоўны рэдактар Раф Шакіраў быў зьняты з пасады праз тое, што ў фотарэпартажы на старонках газэты паказаў чытачам, што адбывалася ў Бэслане) друкуецца свайго роду апраўдальны маніфэст праваслаўнага багаслова айца Кураева.

Артыкул Кураева, прысьвечаны Бэслану й ролі ісламу ў сучасным сьвеце, паказвае абазнанасьць аўтара ня толькі ў эвангельскіх тэкстах, але і ў сурах Кур’ану. Пры гэтым увесь тэкст можна зьвесьці да некалькіх тэзаў. Зьверствы тэрарыстаў у Бэслане, на ягоную думку, засьведчылі той факт, што ў Расеі йдзе вайна радыкальнага ісламу супраць хрысьціянства. Фактычна іслам у цэлым, як рэлігія, а ня толькі яго радыкальныя адгалінаваньні, абвяшчаецца айцом Кураевым адказным за ўсе тэракты ў Расеі ды за яе межамі. Але ня толькі мусульманскі сьвет павінен несьці адказнасьць, працягвае багаслоў. На яго думку, тэракты плянуюцца й накіроўваюцца Захадам, у руках якога ісламскія фундамэнталісты сталіся ўсяго толькі лялькамі. У апошняй акалічнасьці, маўляў, і вінаваты мусульманскі сьвет.

У пачатку сьвятарнай вайны зь няверным Усходам і д’ябальскім Захадам бачыць а.Кураеў сэнс сучаснай эпохі ў Расеі, якая нарэшце, паводле яго слоў, зможа адмовіцца ад жавальнай гумкі на карысьць Духу. Пры гэтым акцэнт робіцца ня столькі на сьвятасьці, колькі на вайне. Аўтар прапануе, каб у адказ на шахідызм праваслаўная царква абвяшчала ўсіх загіблых у выніку тэрактаў ахвярамі, перад якімі адразу пасьля пакутніцкай сьмерці расчыняецца райская брама. Такім чынам, айцец Кураеў фактычна заклікае зьняць адказнасьць з уладаў і спэцназу за ўсе будучыя сьмяротныя ахвяры ў барацьбе з сусьветным тэрарызмам. Такім чынам, Расея становіцца духоўным лідэрам хрысьціянства, а Масква, адпаведна, Трэцім Рымам.

Варта падкрэсьліць, што аўтар гэтага «маніфэсту» — ня проста праваслаўны сьвятар, але адзін з найбольш адукаваных тэолягаў сучаснай Расейскай праваслаўнай царквы. Гэта не тэлекамэнтатар Лявонцьеў, якія дазваляе сабе разьвязна, іншы раз нападпітку, вучыць тэлегледачоў маралі й выкрываць амаральную палітыку ЗША. Кураеў карыстаецца аўтарытэтам ня толькі ў рэлігійных колах, але й у інтэлектуальным асяродку (гаварыць пра інтэлігенцыю ў традыцыйным значэньні гэтага слова сёньня ў Расеі наўрад ці выпадае).

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0