З гістарычнае пэрспэктывы прызначэньне рэфэрэндуму 17 кастрычніка выглядае лягічным.

Усе аўтарытарныя рэжымы разьвіваюцца гэтак. Спачатку канцэнтрацыя ўлады ў адных руках, потым разбурэньне структур грамадзянскае супольнасьці і, нарэшце, юрыдычнае замацаваньне надюрыдычнага статусу кіраўніка. У нацыянал-сацыялістычнай Нямеччыне такі рэфэрэндум быў праведзены ў 1934 г.

За год да рэфэрэндуму Адольф Гітлер прымусіў райхстаг прыняць «Закон аб паўнамоцтвах», які даў нацыянал-сацыялістычнаму ўраду права выдаваць законы без абмежаваньня парлямэнтам. Такім чынам, Гітлер зрабіўся выбраным дыктатарам. Аднак гэтага яму было мала, і навасьпечаны дыктатар сваімі далейшымі дзеяньнямі растаптаў прынятыя ім жа законы. У 1934 г. Гітлер выдаў дэкрэт аб правядзеньні ўсенароднага галасаваньня, якое насуперак Закону аб паўнамоцтвах мелася надаць асабіста Гітлеру статус адначасова кіраўніка ўраду (райхсканцлера) і кіраўніка дзяржавы (фюрэра). У рэфэрэндуме ўзялі ўдзел 95% выбарцаў, зь якіх нібыта 89% прагаласавалі «за». Вынікам сталася фармальная канцэнтрацыя заканадаўчае, выканаўчае і юрыдычнае ўлады ў руках фюрэра, а войска і чынавенства пачалі прысягаць у вернасьці асабіста Гітлеру.

Менавіта пасьля рэфэрэндуму 1934 г. Гітлер на шостым зьезьдзе НСДАП у Нюрнбэргу абвясьціў пра пасьпяховае завяршэньне нацыянал-сацыялістычнае рэвалюцыі і пачатак новае нямецкае імпэрыі — Трэцяга Райху. Зьезд быў адлюстраваны ў знакамітым кінаопусе Лені Рыфэншталь «Трыюмф волі». Пазьней нацысты праводзілі і іншыя плебісцыты, у прыватнасьці пра далучэньне да Трэцяга Райху Саару і Аўстрыі. Але ж менавіта плебісцыт 1934 г. стаўся тым Галоўным Рэфэрэндумам, які разбурыў прававую дзяржаву, пазбавіў немцаў магчымасьці кантраляваць уладу, зрабіў мажлівымі злачынствы другое сусьветнае вайны і прывёў Нямеччыну да катастрофы 1945 г.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяржук Вінаградаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0