Hugo Rafael Ch?vez Fr?as

Погляды Беларусі і Венесуэлы на цяперашняе светаўладкаванне і пазіцыі ў міжнародных арганізацыях абсалютна ідэнтычныя. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы 29 чэрвеня сустрэчу з прэзідэнтам Венесуэлы Уга Чавесам у пашыраным фармаце. «Гэта — надзейная аснова для супрацоўніцтва і падтрымкі на міжнароднай арэне», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

Паводле яго слоў, Беларусь і Венесуэла ўжо распачалі рэалізацыю сумесных праектаў. «Ужо сёння ёсць канкрэтныя вынікі ў галіне здабычы нафты, паставак у Венесуэлу калійных угнаенняў, самазвалаў, трактароў, — сказаў А.Лукашэнка. — Ажыццяўляюцца праекты ў галіне сельскай гаспадаркі, архітэктуры, прамысловасці, сейсматэхнікі».

Пры гэтым прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што такія вынікі дасягнуты ўсяго за адзін год. «Але сёння ёсць неабходнасць абмеркаваць шэраг пытанняў беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва, таму што наш патэнцыял значна большы і вышэйшы», — лічыць беларускі прэзідэнт.

У сваю чаргу Уга Чавес заявіў: «Ёсць мала народаў, на якія так моцна цісне імперыя, як на Беларусь. Беларусь адчувае моцныя пагрозы з боку імперыі, і ў гэтай барацьбе мы — браты».

У.Чавес адзначыў, што галоўная мэта яго візіту — неабходнасць надаць новы імпульс адносінам. «Трэба пераадолець шмат перашкод, асабліва з-за тых сіл, якія супраць нас. Імперыя, якая нас назвала дыктатарамі, сама спрабуе ўстанавіць сусветную дыктатуру», — падкрэсліў прэзідэнт.

Паводле слоў У.Чавеса, Беларусь і Венесуэла будуць і надалей развіваць усе запланаваныя праекты. «Калі мы за год столькі зрабілі, то колькі мы зробім за тыя 20 гадоў, якія нам яшчэ заставацца ва ўладзе!» — заявіў У.Чавес. Лукашэнка адрэагаваў на гэта: “Не пужай амэрыканцаў”.

Візіт дэлегацыі Венесуэлы завяршаецца раніцай 30 чэрвеня.

МБ; інф.БелаПАН

Фота Юліі Дарашкевіч

Фотарэпартаж з прыбыцьця Уга Чавэса ў Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0