Цяпер не 2001 год

Пытаньне стаіць «або — або»

Тром акругам улады надаюць асабліва пільную ўвагу. Гэта Коласаўская акруга сталіцы, дзе балятуецца лідэр ПКБ Сяргей Калякін, Сухараўская, дзе ідзе Анатоль Лябедзька, і Ўсходняя Вінцука Вячоркі — трох знакавых фігураў дэмакратычных партыяў. На пытаньні «НН» адказвае старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

«НН»: Першую частку перадвыбарнае кампаніі (вылучэньне й рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты) можна лічыць завершанай. Як бы Вы ацанілі гэты этап?

Вінцук Вячорка: З гледзішча задачаў, што мы перад сабою ставілі, — станоўча. Я асабіста абышоў каля сямісот кватэраў, а калі падсумаваць абыход кватэраў «фронтаўскімі» прэтэндэнтамі й людзьмі зь іхных ініцыятыўных групаў, мы прыйшлі да соцень тысячаў чалавек. Сумарна дэмакратычныя сілы дайшлі бадай што да мільёнаў. Гэта было надзвычай важна — упершыню за доўгія гады прадэманстраваць людзям увасобленую альтэрнатыву існай уладзе. Альтэрнатыву, якая сама да іх прыходзіць, адказвае на балючыя пытаньні, прапануе пазытыўнае выйсьце.

«НН»: Але ж прыкрыя адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў …

ВВ: Рэгістрацыя — гэта толькі адзін з этапаў фільтрацыі.

«НН»: Якая была лёгіка ўладаў у тармажэньні адных дэмакратычных кандыдатаў і спрыяньні іншым?..

ВВ: Пра «спрыяньне» ня ведаю. На добры лад, мусілі рэгістраваць, калі дакумэнты ў парадку. Але, напрыклад, не зарэгістравалі Юрася Губарэвіча ў Белаазерску, які сабраў каля 6 тысячаў подпісаў. «Адсеялі» праф. Юрыя Хадыку, папулярных у сваіх мясьцінах Сяргея Антусевіча (Горадня), Валера Пуціцкага (Рэчыца), Iвана Шэгу (Слонім). Прымусілі зьняцца праз пагрозу звольніць Зьмітра Шэвеля (Лагойск), Алеся Грыцаўца (Баранавічы). Пагражаюць Алесю Меху (Кобрынь), звольнілі Вольгу Лагвіновіч (Маладэчна). Тымчасам амаль усюды зарэгістравалі прэтэндэнтаў, якія не зьбіралі подпісаў, а былі вылучаныя зьездам Партыі БНФ, каб «закрыць» пэўныя акругі, дзе не было мясцовых кандыдатаў. Гэта магло б сьведчыць пра аналітычны падыход — каго прапускаць, каго не. У Менску знакавых постацяў, у тым ліку кіраўнікоў партыяў, рэгістравалі, каб станоўча зазначыцца перад сусьветнаю дэмакратычнаю грамадою. Каго яны таксама пераважна рэгістравалі — гэта кандыдатаў на прасторных сельскіх акругах: Рыгор Костусеў — Шклоўскі, Бялыніцкі, Круглянскі раёны, ці Андрэй Юркоў — Горацкі, Дрыбінскі, Мсьціслаўскі. У тых самых акругах парэгістравалі калегаў з АГП. Відавочна, спадзяюцца, што ня хопіць моцы й магчымасьцяў аб’ехаць вялікія абшары й забясьпечыць на іх назіраньне. Добра, што далі кандыдацкія пасьведчаньні Васілю Главацкіх у Наваполацку, Сяргею Салашу ў Барысаве. Відаць, наступная хваля адсеву наперадзе.

«НН»: Вы праводзіце сваю публічную палітычную дзейнасьць па-беларуску. Ці ўплывае моўны рэжым на хаду цяперашняе выбарчае кампаніі?

ВВ: Абсалютна не ўплывае. Усё гэта недарэчныя страхі, якімі нас спрабавалі зьбіць з тропу некаторыя «кансультанты»… У мяне былі толькі тры эпізоды з соцень, калі людзі нешта спыталіся пра мову. Адзін раз спыталіся, ці «могу я говорить по-русски», я сказаў, што магу, але працягваў па-беларуску, і подпіс мне паставілі ахвотна. Вайсковец спытаўся, ці не зьбіраемся мы гвалтам уводзіць беларускую мову. Я адказаў, што БНФ супраць любых формаў гвалту. І той паставіў свой подпіс. Мова ня ёсьць праблемаю ані ў камунікацыях, ані ў пазытыўным ці нэгатыўным вобразе чалавека, які прыходзіць на парог. Больш за тое, мова добра пазыцыянуе кандыдатаў ад БНФ, дазваляе іх адразу распазнаць сярод іншых прэтэндэнтаў.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыў Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0