Безальтэрнатыўныя выбары дэпутатаў палаты прадстаўнікоў чакаюцца ў дзевяці за 110 акруг Беларусі. Найбольшая колькасьць такіх акруг зафіксавана
на Гомельшчыне.
У дзевяці акругах выбаршчыку даецца надзвычай шырокі выбар паміж «за» ці «супраць». Кандыдаты ўжо цяпер могуць лічыцца дэпутатамі, бо пры адсутнасьці альтэрнатывы выбаршчык звычайна галасуе «за», а ня «супраць», каб не прыйшлося другі раз цягнуцца на ўчастак.
Гомельшчына ў гэтую кампанію трымае безумоўнае лідэрства: пяць зь дзевяці шчасьлівых акругаў разьмяшчаюцца менавіта ва Ўсходнім Палесьсі, якое ў 2001 г. падало найбольш галасоў за А.Лукашэнку. У чатырох такіх акругах ідуць дзейныя дэпутаты палаты прадстаўнікоў. Яшчэ адзін выразны прадстаўнік партыі ўлады — былы міністар сельскай гаспадаркі, цяпер кіраўнік аддзяленьня пасольства Беларусі ў Расеі Міхаіл Русы — абраў для сябе Жыткавіцкую акругу. У астатніх балятуюцца дырэктары школаў.
Дзьвюма безальтэрнатыўнымі акругамі вызначылася Берасьцейшчына. У Івацэвіцкай балятуецца Аляксандар Сьвірыд, які прайшоў у палату ў гэтай самай акрузе чатыры гады таму. Акруговая камісія расчысьціла яму дарогу, адмовіўшы ў рэгістрацыі Ўладзімеру Радзівончыку (АГП), у складзе ініцыятыўнай групы якога нібыта знайшлі грамадзян іншае краіны.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
ГХ