Сучасьнікі

***

2004. Барадулін і паэты

У таксоўкі глухне рухавік. На скрыжаваньні глухне. Даводзіцца разьлічвацца і выходзіць. Даводзіцца выходзіць каля Рыгора Барадуліна. Вітаюся: «Як Вы, Рыгор Іванавіч?» — «Кепска, зусім. Бок баліць». Тое, што кепска нашаму народнаму паэту, я адразу бачу. Ледзь ідзе наш дзядзька Рыгор: «Як там Сыс?» — «Тэлефанаваў. Хацеў сустрэцца, ды так і не дайшоў. Пісьмянкова ўчора пахавалі…» — «Ня змог я пайсьці. У яго ж чатыры інсульты было. Зь нітрагліцэрынай у кішэні хадзіў». — «Ён і мне скардзіўся, што сэрца цісьне. Я яму казаў, каб піць кінуў. А ён адкладаў. Вы ж, Рыгор Іванавіч, кінулі. Вось і я, на Вас гледзячы, два гады ня п’ю». — «Ня п’еш? Правільна. Трэба кідаць, калі можаш… А як там Разанаў?..» — «Цяпер ён вершы па-нямецку спрабуе пісаць». — «Германію ня зьдзівіш тымі вершамі». — «Гэта новая праява імпэрскіх амбіцый — падтрымліваць кітайцаў з расейцамі, якія спрабуюць пісаць па-француску, даваць стыпэндыі беларусу, які спрабуе складаць вершы па-нямецку. Як раней ухвалялі кіргізаў, што па-расейску раманы друкавалі…» — «Шэрман памірае…» — «Арлоў у бальніцу лёг. Валянцін Тарас у бальніцы, мама казала». — «Тарасу пасьля кропельніцы стала крышку лепей…» — «Вось тут, маё выдавецтва. Я пайду…» — «Як там Мірык?» — «Добра. Збор твораў выдае, празь які месяц выйдзе…» — «Маме паклон». — «Перадам. І Вашым усім прывітаньне». — «Ага…» Дзядзька… не… старэнькі дзядок, наш Барадулін, панёс сваю чырвоную блазнаватую кепку да наступнага скрыжаваньня, а я на працу пайшоў.

27.04.2004, 12:57

2004. Галаванаў і акварыюм

У панядзелак… Цяжкі дзень — панядзелак. Хадзіў на прыём да міністра юстыцыі — Галаванава. Запрасілі, прыйшоў. Чаму не схадзіць да міністра, калі клічуць, а не выклікаюць? Ну і што з таго, што давялося чакаць у прыёмнай? Сеў сабе ў скураны фатэль і разглядаў акварыюм з крыштальнай вадою. Шарыкі імклівага паветра бягуць-уздымаюцца за чысьцюткім шклом. Канечне, каб у міністэрскім акварыюме былі рыбы, ці трытоны, ці хоць бы жабка якая, чакаць было б весялей. Нішто так не супакойвае маю душу, як доўгае назіраньне за маўклівымі рухамі акварыюмнай рыбкі. Яе, чароўнай рыбкі, не было. Спачатку я спадзяваўся, што які-небудзь сомік ці рак схаваўся за камень. Марныя спадзевы. Пытацца ў Галаванава, чаму ў ягоным акварыюме няма рыбак, я ня стаў. Нетактоўна. Дый запрашалі мяне ў міністэрства не пра акварыюмную рыбку разважаць, а каб пагаварыць пра захаваньне і аднаўленьне культурна-гістарычных і ляндшафтных помнікаў.

22.06.2004, 11:43

2004. Маскоўскі таксоўшчык і вэнджаныя вугры

«Менск? Быў я ў вашым Менску. Дзевак вазіў, — шафёр-таксоўшчык пахіхіквае. — Спынілі яны мяне на Цьвярской. «Нам да Менску!» Там хутчэй дайсьці, чым даехаць. Мне што? Вязу! Вось і «Менск». Стаў я каля гатэлю. «Нам не гатэль, а горад трэба». — «А грошы?» Дастае адна «прэс» — тысяч зь дзесяць, а мо і пятнаццаць. Дамовіліся: за 100 км па 100 баксаў. Выставіў я нуль на лічыльніку і пагнаў. Ну, а дзеўкі — проста сьмех, ім па гадоў 16—17, шорты, футболкі, сумкі просьценькія. Піва набралі і вугроў вэнджаных. Напіліся, наеліся і праз кожныя 20 хвілін да ветру лёталі, а потым ім шашлыка захацелася… Да Менску ехалі 14 гадзін. А яшчэ нас на мяжы тармазнулі, страхоўку прымусілі купляць і за дарогі плаціць. Пасажыркі мае — ня простыя дзеўкі. Адна сказала, што яе бацька — правая рука (…). У Менску мы заехалі ў нейкі здаравенны асабняк, а там аховы няма. «У вас што, не ахоўваюць правую руку (…)?» — «(…)!!!» — «Зразумеў». Яны мне прапанавалі адпачыць і павезьці іх на дыскатэку ў Варшаву. Адмовіўся і праз 7 гадзін быў у Маскве».

19.04.2004, 12:45

Караткевіч і марнатраўства

Караткевiч змарнаваў шмат сiлаў i часу на экранiзацыi i тэатральныя пастаноўкi сваiх твораў. Ягонае пакаленьне проста згарэла ў кiназалях i на здымачных пляцоўках, як маё пакаленьне згарэла на тэлебачаньнi, а пакаленьне маiх дзяцей гарыць ясным полымем у Iнтэрнэце. У кожнага пакаленьня свае забаўкi, свае ловы ветру, сваё марнатраўства часу.

Караткевіч і постмадэрнізм

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0