Кат лета

Гарачае — не сырое

Даўнейшым беларусам дажджы перашкаджалі ваяваць. «Праліўныя дажджы ішлі празь некалькі дзён. Дажджы вельмі перашкаджалі перавозу гарматаў і іншай цяжкай зброі, і так моцна, што кароль нe адзін раз загадваў адпрагаць коні ад сваіх собскіх вазоў, каб паскорыць пераправу», — пакінуў нам спамінак сакратар Сьцяпана Батуры. Сягоньня ж сакратары і маляры наракаюць на тое, што зачастае раскрываньне продухаў нябесных замінае ісьцінна-летнім формам баўленьня часу. Бітва за ўраджай для гараджан ня ўлік. I як толькі сонца пачынае ходаць хмары і перамагаць слупкі тэрмомэтраў, белыя целы імкнуцца выканаць колькі рытуалаў. Апячы сябе натуральным ультрафіялетам, выпіць гарэлкі ды нырнуць у трохі зьзелянелы Сож. Але апёкі — гэта не загар. Гэта чырвоныя палосы на руках, нагах і лбах дзяўчынак, што з задаволенаю стомай сустракаюць вечаровы халадок.

Чэргі-качэргі

Летнія чэргі ў чыгуначныя касы доўгія, як зімовыя ночы. Хуткасьць пасоўваньня наперад роўная паўкроку за пятнаццаць хвілін. Людзі бяруць плойму квіткоў. Касіркі стукаюць па клявіятуры адным пальцам. Людзі патрабуюць зручных месцаў і прыдатных датаў. Касіркі прапануюць, што ёсьць + кансэнсус. За шклом касаў прыкмячаю каляндарык з сацыял-дэмакратаўскай ружай. Бянтэжуся дызайнэрскаму рашэньню — белай неахайнай палосцы зьверху. Зірнуўшы пільней, цямлю, што дызайнэр сацдэкаў невінаваты: белаю паперкай заклеены «крамольны» лёзунг «Беларусь в единую Европу!». Піцерскія бабы ды бабёнкі, што стаяць у дзьвюх чэргах адразу, абменьваюцца ўражаньнямі ад стаяньня ды наагул ад побыту ў нашай краіне: «Милый мальчик и говорит чисто. Совсем без белорусского акцента. Здесь это редкость всё же». Як і варта было чакаць, касы перад насамі палюбоўніц «медного всадника» зачыняюцца на перапынак.

Мае быць

Цягнік прыцягваецца ў сталіцу на дасьвецьці. Патрэбны пункт гораду яшчэ не зусім даступны. Сквэрык між Ленінградзкай, Кірава і Сьвярдлова, як паглядзець, служыць каму-нікаму бясплатным матэлем. Ля скульптуры дамы, што сядзіць на лаўцы, адпачывае бомж. На іншай лаве — прыстойна апрануты хлопец. «Мабыць, капітальна пагудзеў», — мяркуе сябар. Сапраўды, навакольле проста ўсеяна знакамі нядаўняй хмяльной раскошы — парожнімі пляшкамі і плястыкавым посудам. Міліцыянты, што крочаць непадалёк, нікога не заўважаюць. Стаміліся за час ночнага дзяжурства. Дзяўчына з чыста гомельскім бляскам уваччу сядае на вольную лаву (да фальклёрнай Станіславы ейнай дупці вельмі далёка!) і павольна, як стрыптызэрка, скідвае апратку, разгортвае мапу гораду-героя Менску. Ёй мае быць цікава.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0