Кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў надрукавала і даслала ў «нізы» маляўнічыя плякаты-агіткі з тэкстамі гімну і маршу свайго дзецішча. Два такія плякаты вэтэраны вайны і працы, што прыехалі на адпачынак і лячэньне ў санаторый «Беразіна» каля Барысава, убачылі пры ўваходзе ў галоўны корпус лячэбніцы. Словы і музыка першага гімну належаць, як сьведачаць плякаты, І.Вейціку, словы другога напісаў П.Саковіч, музыку — Э.Зарыцкі. Гімны не прыцягнулі ўвагі бальшыні пажылых людзей, якім яны, як кажуць, «да лямпачкі».
Фэдэрацыя на маршы,
Зь ёю кожны прафсаюз,
Мужнасьць нашу, мэты нашы
Паважае Беларусь —
і г.д. Толькі знаёмыя мне суседзі па абедзеным століку лячэбніцы гаварылі, між іншым, што пасьля падпісаньня работнікам кантракту дырэктар прадпрыемства можа звольніць яго, калі пачуе ад таго нейкую крытыку ў свой адрас, — і ніякі дзяржаўны прафсаюз яму не дапаможа, а марш і гімн настрою ня ўздымуць.
Міхась Кутнявецкі, Слуцак