Калі былі першыя выбары, я яшчэ не галасавала.

Хоць і была ўжо замужам.

1936 год. Мне на права голасу не хапала цэлага году. Але тыя выбары я добра помню.

Людзі баяліся галасаваць. А чаму баяліся? Тое галасаваньне ладзілася ў царкве, якую камісары пад клюб пусьцілі. Людзі казалі: ладзіць выбары ў царкве — гэта блюзьнерства, вялікі грэх перад Богам, зьдзек зь яго. Галасаваць у царкве — значыць душу нячысьціку аддаць, прадаць. Шмат хто, каго ўсё ж змушалі пад рознай пагрозай галасаваць, падалі перад царкоўным цьвінтаром ніц і шапталі: «Даруй нам, Божа, грэх вялікі!» З гэтымі словамі яны заходзілі, баязьліва здранцьвелыя, на выбарчы ўчастак. А самыя зацятыя, каб не награшыць перад Богам, зьбягалі ў лес і, пакуль тыя выбары ладзіліся, сядзелі там. І толькі назаўтра, на досьвітку, крадком вярталіся дадому і сядзелі ў сваіх хатах ціха, як мышы пад венікам. Носу не паказвалі на людзі, баючыся, што нехта прыйдзе зь сельсавету і сурова папытаецца: «Гэта ж чаму вы, галубочкі, не галасавалі, выбары нам зрывалі?» Але, хвала Богу, усё пакуль абыходзілася: байкотчыкаў першых выбараў не чапалі, ня краталі, толькі ўсчувалі. Іхні байкот сышоў ім на той раз з рук. Адно па хатах хадзілі па тры-чатыры разы, угаворвалі, каб ішлі галасаваць на ўчастак ці прагасавалі хоць тут, балазе скрыня з сабою. Але і гэта шмат каму мала памагло: паскладаюць рукі крыж-накрыж на грудзях, каб часам ім тыя чортавыя бюлетэні ў рукі ня ўсунулі, і рабі зь імі хоць што хочаш…

От такія былі першыя выбары ў нашым Мормалі, што між Жлобінам і Шапілкамі, цяпер Сьветлагорскам. Выбіралі тады якогась Гардзеева, нейкага вяскоўца, якога ніхто ня ведаў.

Расказала Саня Содаль з Карабанавых, 1919 г. нар. Запісаў яе сын Уладзімер Содаль

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0