А я сабе сьпяваю!
Сёлета, ужо ня пяршы год, 4 верасьня пад Воршай праходзіў фэстываль бардаўскай песьні. Гэта своеасаблівая даніна павагі да ваяроў, якія загінулі тут у 1514 г., Радзіму сваю баронячы. Як звычайна, удзел бралі ўсе ахвотныя з розных куткоў Беларусі. А вось пераможцам з фэсту паехаў дадому бард Алесь Наркевіч зь Вялейкі. Імя яго яшчэ зусім невядомае ў бардаўскім асяродку, але гэта толькі пытаньне часу. Калісь і Зьміцер Бартосік быў малавядомым, пакуль не перамог на гэтым фэсьце. З нагоды перамогі Алесь даў першае ў жыцьці інтэрвію.
— Алесь, раскажы пра сябе і пра фэст.
— Пра фэстываль даведаўся з «НН». Мой сябар Міхась на Аршаншчыну ўжо ня першы раз езьдзіў. І мне ўсё неяк карцела, а сёлета нарэшце ўдалося. І падумалася: чаму ня ўзяць інструмэнт? Тым больш што Зьміцер Абразцоў (бард зь Вялейкі. — Аўт.) з гітарай ехаць зьбіраўся. Паехалі мы. Усё за свой кошт. Упершыню выехаў так па-за межы нашага раёну славутага. Тусоўка на фэстывалі была нармалёвая. Выглядала гэта так, нібы сабраліся знаёмыя людзі. Калі хто хацеў прасьпяваць — на здароўе, запісвайся і сьпявай. Што мы са Зьмітром урэшце і зрабілі. Аказалася, прысутным спадабалася. Пасьля зноў мяне запрасілі прасьпяваць. Тады і прысудзілі мне прыз нечакана для мяне.
— Пасьля перамогі табе былі зроблены нейкія прапановы — касэту запісаць, узяць удзел у нейкім канцэрце?
— Падыходзілі нават аўтограф пыталіся! Падыходзілі дзяўчаты зь Менску, з унівэрсытэту культуры, запісвалі мой тэлефон. Казалі, што на наступны год у Крэве ў іх будзе нешта адбывацца. Пыталіся, ці змог бы я пад’ехаць. Каб раніцаю прачнуцца знакамітым — зразумела, такога не было. Бо ніякага супэр-шоў там не было. Сабраліся проста аднадумцы. Было цікава проста выступіць. Ня часта мы гэта робім.
— Са Зьмітром Абразцовым ты ў вёсках Вялейскага раёну ладзіш бясплатныя канцэрты. Як вяскоўцы ўспрымаюць гэтыя выступы?
— Як ні дзіўна, людзі на канцэрты прыходзяць. Бывае, зьбіраецца і 100 чалавек, бывае, і 20. Мы пачыналі езьдзіць з Абразцовым удвух. Але сёньня з намі езьдзіць яшчэ і Алесь Алесік, які на гітары шпарыць — супэр.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Сяргей Макарэвіч,
Вялейка