Мой прагноз: гэты рэфэрэндум — адзін з апошніх у гісторыі РБ.

Іх прагрэсуючая колькасць і прадказальныя вынікі лягічна выклікаюць эфэкт інфляцыі — недавер.

Нават на Захадзе, калі мяне не падводзіць памяць, быў толькі адзін выпадак, калі ўлада, што ініцыявала рэфэрэндум, засталася ў аўце: у красавіку 1969 г. дэ Голь прайграў плебісцыт наконт рэформы мясцовай адміністрацыі і пайшоў у адстаўку. Самае прыкольнае, што сапраўднай прычынай рэфэрэндуму былі пацукі, якія масава прапісаліся на Парыскім рынку. Чамусьці генэралу было мала «Ордэну Пачэснага Легіёну» — яму не давалі пакою ляўры мітычнага музыкі, які дзякуючы чароўнай дудзе выратаваў горад ад пацукоў. Сваім праектам прэзыдент парушаў прэрагатывы парыскага муніцыпалітэту, які лічыў сталічных грызуноў суб’ектамі сваіх паўнамоцтваў. Фіналам непаразуменьня паміж галінамі ўлады і стаў рэфэрэндум, на якім дэ Голя апусьцілі.

Зразумела, што ў краіне пад белымі крыламі ды ўвогуле ва ўсім былым саўку такое пакуль было немагчыма. Калі б дэголеўская Францыя была адным з былых бантустанаў СССР, сцэнар падзей быў бы наступны: уся краіна была б пакрыта бігбордамі «За Францыю!», прафэсары Фуко, Крысьцева і Жак Іў Кусто пагналі б сваіх студэнтаў на датэрміновае галасаваньне, де Голь «на дыване» ў Елісэйскім палацы асабіста паадшыбаў бы рогі дырэктару «Рэно», работнікі якога не далі б патрэбнага паказчыку падчас папярэдняга галасаваньня, Гадар — рэжысэр тэлесэрыялу «Найноўшая гісторыя Францыі» — параўнаў бы апазыцыянэраў, якія б нешта вякалі за самакіраваньне, з дэструктыўнымі пацукамі.

Рэфэрэндумы ў нашым рэгіёне далёкія ад заходніх стандартаў, таму ў будучым гарантаваць легітымізацыю ўлады яны наўрад ці будуць здольны. Ну, яшчэ адзін рэфэрэндум у 2011 г. мы пацягнем, а потым вусы і брыфінгі прэс-сакратара МЗС Савіных пра «двайныя стандарты» прымільгаюцца. Калі дынастыі Назарбаевых, Аліевых і Шклоўскіх зьбіраюцца руліць намі і далей, ім ужо цяпер трэба падумаць пра замену інстытуту рэфэрэндуму больш сучасным.

Тым болей што нашы продкі ў хвіліны, калі на кану стаяў лёс радзімы, ніколі не карысталіся плебісцытамі, а прыдумалі сапраўды эфэктыўныя тэхналёгіі выяўленьня народных забабонаў. Напрыклад, практыка веча.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0