Калі паглядзець на прапаганду сёлетняга рэфэрэндуму й аналягічнага мерапрыемства 1996 году, то кідаецца ў вочы адрозьненьне.

У 1996 г. плякатны прэзыдэнт «прасіў паддзержкі» на тле ананімнага натоўпу зацятых выбарнікаў, якія «хорам» галасавалі й аддавалі свае паўнамоцтвы лагоднаму чалавеку ў чорным пінжаку.

Аднаасобныя й уладныя амбіцыі прэзыдэнта не хаваліся, фігура з прыціснутай да грудзей рукой была і цэнтрам, і апраўданьнем канстытуцыйнага перавароту.

Сёньня, калі пытаньне рэфэрэндуму гучыць надзвычай аголена, прапаганда хаваецца «за Беларусь». А пасьля таго, як Лукашэнка наведаў тэлевізію, зьніклі ролікі, дзе непрыхавана сьпяваліся дыфірамбы ў гонар кіраўніка.

Засталася «Беларусь». Беларусь гэтая пяцідзесяцігадовая, чырвона-зялёная — і хрустальная, яе трымае вядома чыя рука. Ёсьць радасныя вэтэраны, юнакі й дзяўчаты — і подпіс «за».

Подпіс гэты ўводзіць у зман, бо «ненавязьліва» падказвае, як галасаваць. Але паказальна, што падобнага кшталту вобразы не маглі зьявіцца ў 1996-м, калі шалела інтэграцыя з Расеяй.

Імпэт аголенага кумірніцтва ў грамадзтве пакрысе аслабляецца.

Каб выжыць, аўтарытарызм мусіць ужо паразытаваць на няхай абскубаных на свой лад, гвалтоўна зьзялененых вобразах незалежнасьці.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0