Яшчэ адзін літоўскі дывэртысмэнт
(з кнігі «Сто лі100ў на tut.by»)
@ @ @
І разумееш: сьвяты, бляха, сьвяты…
А.Хадановіч
Ці то сон, ці то новы сполах
вершаваньня ў чарговым опусе.
Дзьве гадзіны сяджу на колах —
паўдарогі да Вільні ў аўтобусе.
У мазгох — касьмічныя войны,
у вачох — усё перакулена:
і касьцёлу сьпічак падвойны,
і царквы малая цыбуліна.
На шляху — памежнік і мытнік,
спадарожнікі — мат на маце;
ты і сам нішто сабе «бітнік»
з каньяком у кішэнным фармаце.
Твая ўдача хадзіла ў прымах,
а цяпер — апусьцілі ў кіпень.
А калісьці ў лагодных рымах
ты пісаў пра сьвяты і ліпень.
І нібыта — в полном порядке ,
абмінуў падводныя міны…
Толькі згадкі, халера, згадкі,
успаміны, блін, успаміны…
@ @ @
Паэтычны запаведнік,
сотня блазнаў у вальеры.
Хто тут зубр, а хто наведнік —
два бакі адной кар’еры.
Хто ахвяра, хто заступнік,
хто нарэшце стаў шчасьлівым,
хто мяшае піва й крупнік,
хто мяшае крупнік зь півам.
Хто — наяве, хто — у сьненьні,
але ўсе глядзяць ільвамі:
хто кайфуе, бо натхненьне,
хто сумуе, бо ня з Вамі.
@ @ @
Залатая восень. Друскенікі.
Віртуозы й проста пісьменьнікі.
На квадратным мэтры — па мэтры.
І — дыскусія аб паветры.
Недзе блізка — віно й паненкі,
як паветра глыток дармовы…
А навокал — чатыры сьценкі
і — прамовы, прамовы, прамовы.
Прамаўляючы ў стылі рэтра,
задыхаюся на паўслове,
бо даўно не стае паветра,
а, магчыма, проста любові.
@ @ @
У кавярні, якую наведваў Бродзкі (ці Троцкі),
дзе, паводле зьвестак, павольна бягуць хвіліны,
прыдумляй свой вершык задроцкі,
жуючы свае цэпэліны.
Ля францускай кнігарні ці муру старой друкарні
зь беларускамоўнаю шыльдай пі з рыльца
брэндзі,
у каменнага польскага парня
запытаўшыся: «Co to będzie?»
Да сярэдзіны ночы ля сажалкі на Зарэччы
зь сябрукамі-літоўцамі ладзь шчасьлівую п’янку.
А пасьля хапайся за рэчы
і дадому цягніся зранку.
Нібы Троцкі, ці Бродзкі, ці нехта трэці,
руш у Трокі, у Броды, у тагасьвецьце.
@ @ @
Вершаваны літоўскі нарыс.
Павуціны апошні волас.
Прагулянка берагам Нярыс.
Паляваньне на рыфму ўголас.
Рандэву на віленскім бруку.
Унівэрсытэцкі падворак.
Дыялёгі, лішнія ў друку.
Постпахмельны звыклы аўторак.
Мэдытацыя ў Вострай Браме
і блуканьне ў краме зь сябрамі.
Зноў бухаю, але цывільней,
бо заключны вечар у Вільні.
@ @ @
…і чуеш, як родны памежнік кажа мне: «Здравствуйте!»
У.Арлоў
Між Летувой і РБ — тэрыторыя нічыя.
Колы змаўкаюць. Мытнікі абыходзяць вагоны.
Зараз будуць глядзець у пашпарт, бы там — ня я,
а каляровы здымак Мэдузы Гаргоны…
Толькі раптоўна:
«Спадар Хадановіч? Андрэю!»
Слухаю — і дурэю.
Нібы з марозу добра заліў за каршэнь,
я адчуваю радасьці поўную аблачыну
ў штанах, куды за пашпартам лезу ў кішэнь,
зачараваны ілюзіяй, што вярнуўся ў сваю айчыну.
30 верасьня — 6 кастрычніка 2004, Менск—Вільня—Друскенікі—Вільня—Менск