Актывісты ЗБС Сяржук Семянюк і Васіль Лепеш затрыманы 11 кастрычніка за распаўсюд улётак. 12 кастрычніка іх, а таксама Віталя Каратыша, Алену Талапілу і Паўла Батуева затрымалі на выхадзе зь сядзібы Згуртаваньня беларускіх студэнтаў, у пастарунку канфіскавалі матэрыялы супраць пажыцьцёвага прэзыдэнцтва. 15 кастрычніка кандыдату ад ПБНФ Аляксею Янукевічу акруговая камісія скасавала рэгістрацыю. Вольга Завадзкая 12 кастрычніка атрымала з суду Цэнтральнага раёну Менску адмову: яна скардзілася на Пракуратуру Беларусі, якая ня хоча аднавіць сьледзтва. У Мяжэвічах (Слонімскі раён) міліцыянты затрымалі сябра БНФ Уладзімера Бруцкага й канфіскавалі ўлёткі. У Горадні Генадзь Скрабоўскі 13 кастрычніка атрымаў 7 сутак арышту за несанкцыяваны пікет. Актывіст АГП Андрусь Козел (Менск) быў затрыманы падчас расклейкі плякатаў і пакараны 4 суткамі арышту. Івана Каратчэню й Віктара Ахрэмчука , давераных асобаў кандыдата ад ПБНФ Віктара Раманішкі, затрымалі ў Сьветлагорску падчас разьвешваньня ўлётак. У Добрушы затрымалі і аштрафавалі на 100 тыс. руб. давераную асобу кандыдата ад АГП Алеся Карніенкі Артура Цурбакова , які перавозіў газэту «Неделя» і ўлёткі. У Менску 13 кастрычніка міліцыянты блякавалі ў двары аўтамабіль Віталя Рымашэўскага зь перадвыбарнымі ўлёткамі, адпусьцілі яго пасьля пагрозы, што надгляд аўтамабіля адбудзецца толькі ў прысутнасьці журналістаў. Актывіста «Вясны» Міхаіла Паўлава затрымалі ў Віцебску падчас распаўсюду ўлётак. У давераных асобаў кандыдата ад ПБНФ Аляксея Лапіцкага (Жодзіна), Сьвятланы Лапіцкай і Тацяны Сабалеўскай 13 кастрычніка міліцыянт падчас раздачы каля «БелАЗу» вырваў улёткі. Праваабаронца Алесь Яўсеенка атрымаў папярэджаньне ад адміністрацыйнай камісіі: яго затрымалі пры перавозцы 30-тысячнага накладу інфармацыйнага бюлетэню. У Менску ў штабе кандыдата ад АГП Івана Анташкевіча быў наладжаны ператрус, 15 кастрычніка яму скасавалі рэгістрацыю. Здымачная група польскіх журналістаў на чале з Агнешкай Рамашэўскай-Гузы затрымана 14 кастрычніка ў Баранавічах пасьля сустрэчы зь мясцовымі актывістамі дэмарганізацый. У Менску акруговая камісія скасавала рэгістрацыю актывіста АГП Аляксандра Цынкевіча і сябра БСДГ Алега Волчака . Давераныя асобы кандыдата ад КПБ, «аўганца» Ўладзімера Шокава зьбілі старшыню міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «Ў дапамогу дзецям-сіротам» Вячаслава Давідовіча пасьля заўвагі, што яны парушаюць Выбарчы кодэкс. «Беларускі Дом друку» адмовіліся друкаваць наклад перадвыбарчага нумару газэты «Товарищ» . На актывістку Беларускай асацыяцыі журналістаў, назіральніцу на выбарах Ірыну Макавецкую (Гомель) участковая камісія склала акт, запатрабаваўшы адключыць мабільны тэлефон і дыктафон. Мінінфармацыі адмяніла загад аб прыпыненьні на 3 месяцы недзяржаўнай «Рэгіянальнай газеты» (Маладэчна). Акруговыя камісіі пазбавілі рэгістрацыі кандыдатаў ад ПБНФ Алеся Міхалевіча (Менск) і Зьмітра Шыманскага (Берасьце). У Смаргоні міліцыянты прымушалі валянтэраў кандыдаткі Зінаіды Бандарэнкі Андрэя Масевіча, Зьмітра Добруха, Аляксея Бурдастых, Сяргея Мікуліча даць паказаньні, што яны працуюць за грошы. На студэнта Паўла Драніцу (Менск) на выбарчым участку за парваны рэфэрэндумны бюлетэнь склалі пратакол пра псаваньне дзяржмаёмасьці. У Горках адмовілі ў рэгістрацыі назіральніцы Ларысе Самсонавай . Выхад недзяржаўнай «Местной газеты» (Ваўкавыск) Мінінфармацыі прыпыніла на месяц. Падчас расклейкі плякатаў 15 кастрычніка быў затрыманы Юры Чавусаў . Міхаіл Марыніч адмовіўся ад мэдэкспэртызы: ён лічыць гэта спосабам зацягнуць сьледзтва. У Горадні быў затрыманы Аляксей Салей , які праводзіў апытаньне выбарцаў на выхадзе з участку. Старшыня наваполацкай філіі БСДГ Ігар Валяеў быў затрыманы за распаўсюд улётак. Уладзімер Плешчанка і Барыс Хамайда зь Віцебску атрымалі па 10 сутак арышту за пэрформанс супраць рэфэрэндуму. 16 кастрычніка невядомыя ў цывільным запатрабавалі ад чэскага журналіста Міраслава Карася сьцерці відэастужку з матэрыяламі, датычнымі рэфэрэндуму. Расейскі журналіст Павал Шарамет быў зьбіты й затрыманы. Падчас флэш-мобу «Нас хвалюе лёс Беларусі» ў Менску затрыманыя Алег Ларычаў і непаўналетні Макар Ваўчок . З участку №530 Усходняй выбарчай акругі выгналі давераных асобаў Вінцука Вячоркі — Тамару Мацкевіч і Леанарду Мухіну . Увечары 17 кастрычніка аўтамабіль лідэра ПКБ Сяргея Калякіна патрапіў у справакаванае ДТЗ. Актывіст ПКБ Уладзімер Падалян (Магілёў) 18 кастрычніка быў вымушаны звольніцца з працы. На 10 сутак арышту асуджаны 18 кастрычніка за расклейку ўлётак Аляксей Ляўковіч . У Менску падчас акцыі пратэсту затрыманы Наста Азарка, Алег Мяцеліца, Алесь Каліта, Зьміцер Кальхо, Максім Дварэцкі, Дзяніс Крываносаў . Каардынатар «Зубра» Яўген Афнагель быў затрыманы, але ўвечары адпушчаны. Старшыня КДБ Леанід Ерын заявіў, што на Афнагеля завялі крымінальную справу. 19 кастрычніка калегія Гарадзенскага аблсуду пакінула ў сіле прысуд Валер’ю Леванеўскаму і Аляксандру Васільеву , не задаволіўшы касацыйнай скаргі. Акцыя 19 кастрычніка скончылася затрыманьнямі дзясяткаў чалавек, многія зь іх былі асуджаны 20 кастрычніка. Сярод іх Дар’я Малдаванава (10 сутак), Павал Юхневіч (10 с.), Маргарыта Анцілеўская , Тацяна Елавая (5 с.), Натальля Ушко, Павал Хівук (5 с.), Аляксей Мікуловіч , Міхаіл Кандрашоў (10 с.), Сьвятлана Нецількова, Максім Вінярскі, Андрэй Баранаў (50 б.в.), Марыя Ганцэўская (5 с.), Артур Фінькевіч (15 с.), старшыня «Маладога фронту» Павал Севярынец (15 с.), кіраўнік БСДП (НГ) Мікола Статкевіч (10 с.), Андрэй Дубоўскі, Васіль Парфянкоў, Сяргей Міхаленка, Юры Фабішэўскі, Яраслаў Навуменка, Міхаіл Кузьняцоў, Павал Вішнеўскі, Зьміцер Захарка (50 б.в.), Аляксандра Пахніна, Уладзімер Шыдлаў, Арцём Воранаў, Дзяніс Арцюшкевіч (5 с.), Аляксандар Каліта (10 с.), Кацярына Бондарава, Юлія Альшэўская, Сяргей Андросенка, Алег Радзівонаў, Мікалай Арцюхоў (40 б.в.), Зьміцер Пазьняк (50 б.в.), Канстанцін Екель (50 б.в.), Сяргей Рылькоў (3 с.), Ігар Хадкоўскі (40 б.в.), Дзяніс Лашчынскі, Сяргей Малькевіч, Зьміцер Талькоў, Аляксандра Геўская, Сяргей Красоўскі (20 б.в.), Ірына Пярвойкіна, Яўген Валкавец, Аляксандар Валчанін (трапіў у больніцу), Руслан Харкевіч (10 с.), Зьміцер Чарткоў , прэс-сакратарка АГП Кацярына Ткачэнка, Аляксандар Цынкевіч (15 с.), Мікалай Ганчароў (3 с.). Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька быў зьбіты АМАПам у рэстарацыі «Патыё-піца» й трапіў у больніцу з гематомай ныркі, пераломам рэбраў і чэрапна-мазгавой траўмай. Фотажурналіста «Associated Press» Сяргея Грыца затрымалі, але неўзабаве адпусьцілі, апэратара НТВ Канстанціна Марозава зьбілі й разьбілі яму тэлекамэру, былі зьбітыя журналісты «RenTV» . Карэспандэнта радыё «Свабода» Юр’я Сьвірка супрацоўнік службы аховы прэзыдэнта ўдарыў у жывот пасьля просьбы пракамэнтаваць сытуацыю. Тэлежурналістам Латвіі, Расеі, Чэхіі не давалі магчымасьці перадаць відэаматэрыялы за мяжу Беларусі.

Зьвесткі пра затрыманьні і перашкоды дзейнасьці давераных асобаў кандыдатаў, назіральнікаў і сацыёлягаў 11—17 кастрычніка няпоўныя. Агульная колькасьць назіральнікаў, якіх сілаю выганялі з участкаў, і сацыёлягаў, якіх затрымлівалі за правядзеньне экзыт-пулу, вымяраецца дзясяткамі чалавек. Агульная лічба затрыманьняў давераных асобаў кандыдатаў, якія распаўсюджвалі перадвыбарныя матэрыялы, вымяраецца сотнямі чалавек.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0