Перад футбольным матчам Італія—Беларусь (4:3) галкіпэр гаспадароў Джанлюіджы Буфон паабяцаў, што ягоная зборная ня толькі пераможа беларусаў, але і «парве» іх.
Маўляў, пасьля паразы ад славенцаў італьянцам мусова рэабілітавацца перад сваімі заўзятарамі.
Пасьля матчу Буфон заявіў: «Я і да серады ведаў, хто такі Рамашчанка. Але цяпер запомню гэтае прозьвішча надоўга». Паўабаронца маскоўскага «Дынама» забіў два галы-прыгажуны ў вароты аднаго з найлепшых галкіпераў сьвету.
Вынік матчу мог прэтэндаваць на галоўную сэнсацыю 13 кастрычніка (беларусы выйгралі другі тайм — 3:2), каб ня зборная Расеі, якую заасфальтавалі партугальцы — 1:7. На расейскіх сайтах журналісты і аматары ўшчувалі сваіх: «Ну, можна ж па-людзку і прыгожа прайграць, як, напрыклад, беларусы». А сёй-той задаўся пытаньнем: «Ці дазваляе саюзная дамова перацягнуць колькі беларускіх футбалістаў пад расейскі трыкалёр?»
Галоўны вынік матчу Італія—Беларусь таксама і ў тым, што наша зборная падарыла нам надзею як мінімум да сакавіцкага двубою са славенцамі. Прынамсі, у нас ёсьць гульцы, якія ўмеюць і, галоўнае, жадаюць гуляць!
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Алег Раявец