Ніколі яшчэ паспалітыя беларусы ня ставіліся так прыязна да прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі, як цяпер.
Апазыцыя мабілізавала пратэстны электарат, які паверыў ёй і пачаў дэманстраваць сваю нязгоду канкрэтнымі ўчынкамі.
Ці быў удзел апазыцыі ў выбарах «мартышчынай працай»? Можа, і праўда варта было «Пяцёрцы+», «Эўрапейскай кааліцыі» і Севярынцу з кампаніяй далучыцца да кэхэпэшнага байкоту? Усё адно, маўляў, мелі б тыя самыя вынікі.
Не, ня тыя. Вынікі мінулай выбарча-рэфэрэндумнай кампаніі не такія ўжо і кепскія. Апазыцыя прымусіла ўладу пайсьці на масавую фальсыфікацыю падліку галасоў. Вэртыкаль перастаралася. Лічбы абсалютна нерэальныя. Апазыцыя мабілізавала пратэстны электарат, які паверыў ёй і пачаў дэманстраваць сваю нязгоду канкрэтнымі ўчынкамі. Павязаныя па руках і нагах кантрактнай сыстэмай і застрашаныя папярэджаньнямі аб звальненьнях, людзі выказвалі свой пратэст у кабінках для галасаваньня. Яны добра ведаюць, што іх, нязгодных, было больш.
На ідэалягічнай гадзіне ў клясе майго сына пачалася спрэчка вучняў з настаўніцай, якая казала, што вынікі выбараў і рэфэрэндуму праўдзівыя, а вучні не згаджаліся: ня можа гэтага быць. Тады мой сын і кажа: кожны з нас амаль дакладна адлюстроўвае погляды бацькоў, і дзе тыя больш як 70 адсоткаў, хто галасаваў «за» ў нашай клясе? Гэта павінна быць амаль аднадушная падтрымка. Ды няма і 20 адсоткаў!
Гэта заўважаюць нават дзеці.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Алесь Аркуш