Колькі год запар апазыцыя пільна сочыць: што скажа Дзярждэп, што скажа Эўразьвяз, Эўрапарлямэнт, ПАРЭ, рабочая група ПА АБСЭ, БДІПЧ, ААН etc.

І ня чуюць таго, пра што кажуць суседзі па лесьвічнай пляцоўцы. Справа тут і ў мэтах, і ў мэтадах.

Апошнім часам беларускія палітыкі ўсьлед за журналістамі сталі ахвотна ўжываць выраз «дэжа вю» («тое, што ўжо было»). Гэты мілагучны францускі выраз выклікае ў памяці галянтны расейскі вершык: «Вы хотите бланманже? Нет, спасибо, — я уже». Што да сытуацыі, якой яна выглядае цяпер у Беларусі, тут хутчэй падыходзіць іншае замежнае слова — «маразм». Яно азначае ў літаральным перакладзе «застой».

Успышка кантраляванай ярасьці ў цэнтры Менску ў першыя дні пасьля рэфэрэндуму яшчэ больш выразна высьветліла карціну застою, ці, лепш сказаць, заняпаду палітычнага жыцьця. Ужо да рэфэрэндуму было ясна, што пасьля яго асноўная крытыка сьвядомай часткі грамадзтва (калі яно яшчэ існуе) абрынецца на апазыцыю, якая гэтую частку грамадзтва прэзэнтуе. Таму апазыцыю, а значыць — саміх сябе, было крыху шкада.

Але шкадаваць ужо позна. Усё, што сапраўды лёгка можна было прадбачыць — нават чалавеку, далёкаму ад палітыкі, — зьдзейсьнілася. Вынікі рэфэрэндуму апазыцыя слушна абвясьціла сфальшаванымі, а самі выбары — недэмакратычнымі. Улада паклапацілася, каб іншых высноў у назіральнікаў, у першую чаргу эўрапейскіх, проста не магло ўзьнікнуць. На гэтым фоне апэляцыя да Захаду з боку апазыцыі выглядае, як заўсёды, двухсэнсоўна. Па-першае, выходзіць, што апазыцыя не давярае заходнім дзяржавам, ня верыць у здольнасьць іх урадаў саміх ацаніць тое, што адбываецца ў Беларусі, ці ў іхную рашучасьць асудзіць парушэньне правоў і свабод з боку беларускіх уладаў.

Але ня гэта галоўнае. Што калі б Захад сапраўды аднойчы зрабіў выгляд, што ніякіх парушэньняў і гвалту ў нас ня бачыць, — як гэта здаралася часам у дачыненьні да СССР, як гэта здараецца сёньня ў дачыненьні, скажам, да Азэрбайджану ці Лібіі ды нават і Расеі? Тады трэба было б спыніць усялякі супраціў дыктатуры? Ці, можа, увогуле дэмакратыя патрэбна толькі Захаду, а не Беларусі?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0