Мінулы ўік-энд выдаўся насычаным на музычныя падзеі: Вайцюшкевіч іграў найлепшыя песьні, «Нэйра Дзюбэль» прэзэнтаваў новую праграму, «Індыга» ўпершыню грала ў акустыку, «J-Mорс» далі сумесны канцэрт зь екацерынбуржцамі са «Смысловых галлюцинаций».

Канцэрт «WZ-orkiestra» ў чацьвер аказаўся пад пагрозай зрыву, бо дырэкцыя Палацу вэтэранаў, дзе ён мусіў прайсьці, адмяніла імпрэзу за некалькі гадзін да пачатку. «Арганізатары не заплацілі нам за арэнду залі, — растлумачыў «НН» дырэктар Палацу вэтэранаў Яўген Барсукоў. — Толькі не шукайце тут ніякай палітыкі». Але Вайцюшкевіч зайграў усё ж такі ў гэты ж дзень, толькі ў іншым месцы — у Дольнай залі Чырвонага касьцёлу. У лістападзе Тодар паабяцаў вялікі канцэрт-прэзэнтацыю праграмы на вершы Рыгора Барадуліна.

На наступны дзень у Менску былі «Танкі». Фаны нарэшце дачакаліся беларускамоўнай праграмы Кулінковіча. Пасьля яе выкананьня з «Нэйра Дзюбэлю» цэтлік «панкі» мусіць быць зьняты канчаткова. У «Танках» знайшлося месца і року, і рэгі («Мне не хапае у.е.», прасьпяванай з Гюнэш Абасавай), і лірыцы.

Свой адзіны балядны твор «Жыцьцё» Кулінковіч прысьвяціў памяці забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай. Цікава, што гэтая песьня, паводле слоў Кулінковіча, ёсьць сьведчаньнем таго, што ён сам жывы. 28 кастрычніка будзе роўна 10 год з таго часу, як яму зрабілі цяжкую апэрацыю на мозгу.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0