На мінулым тыдні ў цэнтры ўвагі брытанскіх мэдый была Нямеччына.

Дакладней, не сама гэтая краіна, а яе імідж у Брытаніі. Нагодай для супярэчлівых дыскусій сталася агучаная міністрам замежных спраў Нямеччыны Фішэрам у інтэрвію BBC крытыка нібыта неадпаведнага вобразу Нямеччыны на Брытанскіх выспах. У той час як адносіны між краінамі выдатныя, што дэманструе заплянаваны на наступны месяц візыт ангельскай каралевы ў Нямеччыну, гістарычныя стэрэатыпы, на думку Фішэра, перашкаджаюць лепшаму паразуменьню, асабліва маладых брытанцаў і немцаў.

Інтэрвію такога кшталту перад афіцыйнымі візытамі замежных кіраўнікоў Эўразьвязу сталіся традыцыяй, што дазваляе час ад часу зірнуць на дачыненьні паміж хаўрусьнікамі і акрэсьліць іхныя пэрспэктывы. Незвычайным быў даволі рэзкі тон выказваньняў Фішэра, а таксама ягонае імкненьне ўскласьці ўсю адказнасьць на хібы ў нямецка-брытанскіх стасунках на брытанскі бок. Так, Фішэр абвінаваціў брытанскую прэсу ў звароце да старых стэрэатыпаў, якія з сучаснасьцю нічога супольнага ня маюць. Прыкладам, паводле ягоных слоў, калі нехта хоча ўбачыць, як выконваецца клясычны прускі шыхтовы крок, варта паглядзець брытанскую тэлевізію. У той жа час маладзейшыя пакаленьні немцаў, паводле слоў Фішэра, выхоўваліся не ў старой мілітарысцкай традыцыі, а пры дэмакратыі і таму панятку ня маюць, што такое шыхтоўка.

Афіцыйныя нямецка-брытанскія стасункі знаходзяцца калі не ў бліскучым, дык, прынамсі, у стабільным стане. Намаганьні эліт дзьвюх краін дзеля загойваньня ранаў другое сусьветнае вайны могуць паслужыць прыкладам цывізаванага падыходу да разьвязваньня гістарычных праблем.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяржук Вінаградаў

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0