Супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з Садамам Хусэйнам даўно было прадметам абмеркаваньня. Апублікаваны амэрыканскім урадам даклад апісвае супрацоўніцтва Багдаду й Менску па закупцы вайсковага абсталяваньня й тэхналёгій. Сьцьвярджаецца, што з парушэньнем санкцыяў ААН беларускія прадпрыемствы мелі мноства кантрактаў па продажы Багдаду абсталяваньня па ракетным навядзеньні і кантролі, проціпаветранай абароне й тэхналёгіям вядзеньня электроннай вайны, а атрыманыя грошы разьмяркоўваліся між беларускімі кіраўнікамі.Даклад быў падрыхтаваны спэцыяльным дарадцам ЦРУ ў справе ірацкай зброі масавага зьнішчэньня. Ён канстатуе адсутнасьць такой зброі, але адначасова дэталёва фіксуе вайсковыя кантакты Хусэйна. Як сьведчаць захопленыя міжнароднай кааліцыяй у Іраку дакумэнты, аб’ём нелегальнага вайсковага гандлю паміж Беларусьсю ды Іракам быў значны.

Беларускі ўрад атрымаў ад Іраку каля 114 мільёнаў даляраў у якасьці аплаты. Ці не адтуль ішлі галоўныя паступленьні ў гэтак званы «прэзыдэнцкі фонд», зь якога праплачваюцца прапагандысцкія кампаніі і рэпрэсіўны апарат? Страты дзяржаўнага бюджэту ў выніку магчымых цяпер міжнародных санкцый супраць Беларусі могуць быць несувымерна большымі. І цяпер для такіх санкцый ёсьць усе падставы. Больш за тое, хто паверыць сёньня, што Лукашэнка не дапамагае вайсковым праграмам Ірану? Спробы афіцыйных асобаў з МЗС і вайскова-прамысловага камітэту зьняпраўдзіць амэрыканскую інфармацыю выглядаюць непераканаўча, як спроба адцягнуць час.

Цяперашняя лінія замежнай палітыкі зыходзіць нібы з адной думкі — усё, што на шкоду Захаду, на карысьць Беларусі. Сяброўства з Сырыяй, Суданам, адкрыцьцё амбасады Палестыны замест дыпляматаў Ізраілю, што зьехалі, — лягічны ланцуг. Чым больш адыёзныя рэжымы й чым болей яны крытыкуюцца заходнім сьветам — тым большае разуменьне й падтрымку яны знаходзяць у Менску. Натуральна, такі замежнапалітычны сьверб ня можа быць бескарысьлівым. Ня можа быць і бясьпечным. Выяўленыя факты беларускае дапамогі Хусэйну, скіраванае супраць ЗША, пераводзяць Беларусь у шэраг адкрытых непрыяцеляў Вашынгтону.

Менскія хітруны не ўратавалі сваёй дапамогаю Хусэйна. Затое цяпер беларускім кампаніям наагул ня будзе месца ў Іраку. А Беларусь у вачах цывілізаванага сьвету цяпер трывала асацыюецца з шэрагам тых самых рэжымаў, якім не падаюць рукі ў прыстойных кампаніях.

Гары Куманецкі

Урыўкі з дакладу ЦРУ, у якіх гаворыцца пра супрацу Беларусі з Хусэйнам

Паводле ацэнкі ў справаздачы, беларускі прэзыдэнт Лукашэнка і Садам мелі асаблівыя ўзаемаадносіны. Лукашэнка пагадзіўся падтрымаць Садама таму, што ірацкі прэзыдэнт падтрымаў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2001 г.

Асобы з Украіны, Беларусі й Расеі, якія, паводле Багдаду, зрабілі асабліва важкі ўнёсак у справу бясьпекі Іраку, па загадзе Садама атрымлівалі долю ад продажу нафты. Сярод беларускіх атрымальнікаў у справаздачы фігуруюць Віктар Шаўцоў, дырэктар «Інфабанку»; Юры Шаброў, дырэктар «БелФарму»; Аляксандар Рабатай, афіцэр адной зь беларускіх спэцслужбаў.

Вось што сьцьвярджаецца ў дакладзе:

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка пасьлядоўна падтрымліваў палітычную пазыцыю і патрэбы абароны Іраку. У верасьні 2002 году Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі міністэрства фінансаў і Камісіі па вайсковай прамысловасьці, каб абмеркаваць вайсковае супрацоўніцтва. На гэтай сустрэчы Лукашэнка выказаў жаданьне падтрымаць Ірак і паслаць экспэртаў па проціпаветранай абароне, каб памагчы Іраку супрацьстаяць ЗША.

Ключавыя асобы зь Беларусі, зьвязаныя зь незаконным гандлем з Іракам:

Уладзімер Замяталін,·Леанід Козік,·Мікалай Іваненка – намесьнікі старшыні прэзыдэнцкай адміністрацыі і старшыні зь беларускага боку ў ірацка-беларускім камітэце па эканамічным супрацоўніцтве. Віталь Харлап – беларускі міністар прамысловасьці. Прафэсар Кандрынко (?) – дырэктар аддзелу камунікацый канцэрну «Агат». Ён вёў перамовы зь дзяржаўнай кампаніяй «Салах Ад-Дзін» і заключыў шмат кантрактаў па вытворчасьці камунікацыйнага абсталяваньня. Прафэсар Клашко – навуковец, які ўзначальваў аддзел тэлемэтрычных сыстэм для ракетаў «зямля-зямля» і заключыў шмат кантрактаў з Камісіяй па вайсковай прамысловасьці.

Генерал Пётар Рагажэўскі – намесьнік міністра абароны па ўзбраеньнях.

Матэрыялы, абсталяваньне і паслугі, пастаўленыя зь Беларусі

Захопленыя дакумэнты сьведчаць, што ў сьнежні 2002 г. прадпрыемства «Балморалс» заключыла кантракт 148/2002 з «Ал-Кіндзі Джэнэрал Компані» па дастаўцы электронных кампанэнтаў (для сыстэмы радарнай блякіроўкі) вартасьцю $70,367. Гэты кошт уключаў дастаўку праз Сырыю… у Багдад.

«Белмэталэнэрга» быў замяшаны ў пастаўкі карпусоў і матораў для танкаў Т-72 і мадэрнізацыю ракет проціпаветранай абароны SA-2 і радарных сыстэм.

Аляксандар Дзегцяроў – яшчэ адзін з найбуйнейшых удзельнікаў незаконнага гандлю. Дзегцяроў – расейскі спэцыяліст па ракетных сыстэмах наводзеньня і кантролю. Шаўцоў прадставіў Дзегцярова ірацкай Камісіі па вайсковай прамысловасьці. Дзегцяроў валодаў беларускімі кампаніямі «Сыстэмтэк» і «ЭлектрыкГазКом» , якія мелі кантракты з Іракам празь «Інфабанк» на пастаўку сыстэмаў радарнага кантролю плюс і наводкі для ракет SA-2. Абсталяваньне даставілі праз Сырыю і аплацілі празь яе банкі.

Дзегцяроў рэгулярна наведваў Багдад. Паводле высокапастаўленых і сярэдніх чыноў з Камісіі па вайсковай прамысловасьці, якія мелі непасрэдны доступ да інфармацыі, Дзегцяроў бываў у Іраку кожныя два тыдні. «ЭлектрыкГазКом» падпісаў кантракт з ірацкай дзяржаўнай кампаніяй «Аль-Карамах» на вытворчасьць і тэстыроўкі сыстэмаў навядзеньня і кантролю для такіх ракет тыпу «зямля-зямля», як «Аль-Самуд». Гандаль таксама ўключаў продаж гіраскопаў і аксэлеромэтраў... «ЭлектрыкГазКом» меў кантракты і зь дзяржаўнай кампаніяй «Аль-Батані» на пастаўку тэхналёгіі па вытворчасьці для ірацкага досьледнага праекту па спадарожніках.

Найважнейшым экспартам зь Беларусі ў Ірак былі радарныя тэхналёгіі й сыстэмы проціпаветранай абароны. Захопленыя дакумэнты й паказаньні ірацкага афіцэра сярэдняга рангу з доступам да інфармацыі пацьвярджаюць існаваньне сумеснага беларуска-ірацкага праекту (лістапад 2000 г. — сакавік 2003 г.) па ўдасканаленьні P-18 (Mod Spoon Rest), радара раньняга папярэджаньня. Радар выкарысталі ў Цэнтры проціпаветранай абароны Аль-Габан’ях.

«Сыстэмтэк» забясьпечваў дапамогу ў выпрабаваньнях і прамысловых запусках. Доктар Раскоўка (?) быў старэйшай афіцыйнай асобай у «Сыстэмтэк», ён наведваў Ірак кожныя 3—4 месяцы цягам апошніх трох год. Іракцы хацелі набыць сыстэму проціпаветранай абароны С-300. Кантракт быў падпісаны і трэнінг распачаты, але праблемы матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, каб даставіць сыстэму, не прыцягваючы ўвагі міжнароднай супольнасьці, аказаліся непераадольнымі.

Паводле іншых паказаньняў, Беларусь рабіла шмат паставак незаконных тавараў у Ірак. У іх ліку абсталяваньне для танкаў Т-72 і Т-55; «Волга», «Пячора» (SA-3) ды іншыя ракетныя проціпаветраныя сыстэмы; верталёты Мі-17, запчасткі для МіГ-23, -25 і -29 ды для рэактыўных самалётаў Су-25; сыстэмы лазэрнага навядзеньня; валаконная оптыка; інфрачырвоныя элемэнты; глушылкі GPS... Нават перад самай вайной незаконны гандаль Беларусі і Іраку не спыняўся, як паказваюць перахопленыя дакумэнты. Беларусь паставіла ПН-5 і ПН-7 прыборы начнога бачаньня для Іраку праз падстаўную кампанію «Аль-Башаір». За тры месяцы да ваеннага канфлікту прэзыдэнт Лукашэнка праінструктаваў беларускае Міністэрства абароны дазволіць Іраку набыць любое вайсковае абсталяваньне.

Аплата з Іраку ў Беларусь

Галоўная крыніца даходу для фінансаваньня незаконнага гандлю з Іракам выявілася ў ірацка-сырыйскім гандлёвым пратаколе. Як сьведчаць захопленыя дакумэнты… беларускі ўрад атрымаў ад Ірака каля 114 млн даляраў у якасьці аплаты.

Паводле паказаньняў затрыманага, крытычным фінансавым элемэнтам у гэтым незаконным гандлёвым працэсе адыгрываў «Інфабанк». Беларусь патрабавала аплату 75% ад вартасьці кантрактаў у цьвёрдай валюце перад тым, як тавар дастаўлены. Ірак не пагаджаўся. Таму «Інфабанк» пагадзіўся пакрываць 75% перадаплаты за ганарар памерам 15% ад кошту кожнага кантракту. Адзін з былых кіраўнікоў Камісіі па вайсковай прамысловасьці Іраку лічыць, што перад пачаткам вайны «Інфабанк» меў каля 7 млн ірацкіх грошай на сваіх рахунках.

Адзін з кіраўнікоў Камісіі па вайсковай прамысловасьці паведаміў пра тое, як паветраная лінія паміж Багдадам і Менскам была адкрытая летам 2000 г.… на якой працавалі чатыры «Боінгі-747», якія перавозілі… тавары, экспэртаў і афіцыйных асобаў непасрэдна ў Багдад пад прыкрыцьцём гуманітарных місіяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0