Міністэрства юстыцыі даслала папярэджаньні ўсім дэмакрытычным партыям, што ўваходзяць у «Пяцёрку+» з патрабаваньнем да 1 лютага 2005 г. правесьці перарэгістрацыю нізавых суполак — па офісных памяшканьнях ці прыватных дамах з асобным уваходам. У іншым разе Мінюст пакідае за сабой права рэагаваць «згодна зь дзейным заканадаўствам». Ліст датаваны 18 кастрычніка — адразу па рэфэрэндуме.

Паводле кіраўніка арганізацыйна-праўнай камісіі ПБНФ Уладзімера Лабковіча, перарэгістрацыя закране 90% партыйных суполак, прытым што знайсьці юрыдычныя адрасы для апазыцыйных партый амаль немагчыма. Дагэтуль усе невялікія суполкі былі зарэгістраваныя па хатах. Спыненьне ж рэгістрацыі пазбавіць партыі магчымасьці вылучаць кандыдатаў у адпаведных акругах і ўвогуле дзейнічаць. Такім чынам, дзейнасьць партый будзе спыненая без фармальнае забароны іх Вярхоўным судом.

Аналягічная прычына — «няправільны» юрыдычны адрас — выкарыстоўвалася Мінюстам пры закрыцьці 58 грамадзкіх арганізацыяў у 2003—2004 г.

Лідэры партый выступілі з рэзкім пратэстам, які пакуль ня выклікаў рэакцыі Мінюсту.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0