У тэатральных колах гэтая інфармацыя прайшла ў канцы чэрвеня. Пытаньне найбліжэйшым часам мае вырашыцца на калегіі Мінкульту. Пакуль няма афіцыйнага рашэньня, кіраўніцтва тэатраў ад камэнтароў устрымліваецца.
Перавод на самаакупнасьць можа прывесьці да скарачэньня штатаў і заробкаў. Гэтак, у маладачанскім тэатры «Батлейка» працуе 50 чалавек. Заробкі ў іх перавышаюць 500 тыс. рублёў. Болей атрымліваюць толькі ў міліцыі, банках або ў Менску.
Чым тэатры будуць зарабляць на жыцьцё, невядома. Ёсьць г.зв. «камэрцыйныя тэатры». Адзін з такіх існуе пры маладачанскім Палацы культуры чыгуначнікаў. Але займаюцца ўсім, што дае прыбытак.
Цэны на квіткі ў Маладэчне асабліва ня ўздымеш. Таму тэатры і вымагаюць падтрымкі дзяржавы ці прыватных фундатараў.
Ёсьць і яшчэ адзін варыянт: адкруціць кола часу і вярнуцца на стагодзьдзе назад. У пачатку ХХ ст. тэатар Ігната Буйніцкага вандраваў ад вёскі да вёскі, даючы спэктаклі. Так зьезьдзілі ўсю Беларусь.
І цяпер карысьць для вяскоўцаў будзе несумненная, у многія паселішчы артысты не зазіралі ніколі. Вось толькі што зарабіць шмат супрацоўнікаў тэатраў ня здолеюць. Народ у вёсцы не багаты.