Ён бард. Для адных найперш аўтар хітовага тэксту да палянэзу Агінскага «Разьвітаньне з Радзімай».

Для другіх — настальгічны голас бурлівых мітынгаў канца 80-х, а пасьля голас радыё «Свабода». Для трэціх — аўтар песьні «Мне краёў чужых ня трэба», які аддана дэклямаваў «не хачу чужога хлеба», а пасьля пры першай нагодзе эміграваў у ЗША. Гэтым суайчыньнікам ён адказвае той жа манэтай: «Цяперашні ўзровень беларускага грамадзтва невысокі. Нармальных людзей хапае, але ўсе яны вельмі пасіўныя».

Наша гутарка зь Сержуком Сокалавым-Воюшам адбылася ў сьвятая сьвятых беларускае амэрыканскае эміграцыі — Фундацыі Крэчэўскага ў Нью-Ёрку — і мела некалькі інфармацыйных зачэпак. Зусім нядаўна ў менскім выдавецтве «Беларускі кнігазбор» выйшла ў сьвет першая кніга ягонай прозы — «Крывавы памол», а 3 лістапада мела быць названа імя ляўрэата новай літаратурнай прэміі імя пісьменьніка-эмігранта Янкі Юхнаўца, адным з заснавальнікаў якой зьяўляецца С.Сокалаў-Воюш.

Грошы за літаратуру

— У 2004 годзе нарадзілася новая літаратурная прэмія імя Янкі Юхнаўца. Хто спрычыніўся да яе зьяўленьня?

— Ідэя стварэньня прэміі належыць супрацоўніку Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку Лявону Юрэвічу. Сябрамі прэміяльнага камітэту зьяўляюцца крытык зь Вільні Андранік Антанян, стваральнік «Беларускай палічкі» ў Інтэрнэце (knihi.com) Андрусь Жвір і рэдактар нью-ёрскае газэты «Беларус» Марат Клакоцкі. Стартавы фонд прэміі — 500 даляраў — мы пакуль стварылі сваімі сіламі, але спадзяёмся на падтрымку іншых эмігрантаў. Для Беларусі гэта адчувальная сума. Сёньня нам даслана на разгляд чатыры дзясяткі працаў рознага памеру й формы. І якраз у гэтым палягае праблема. Як параўнаць двухтомную прозу Макса Шчура з Прагі й невялічкі вершык, што быў напісаны, мабыць, хвілін за 15? Таму, магчыма, у будучым нам прыйдзецца ўводзіць нейкія крытэры, каб нікому пасьля не было крыўдна.

— Ці трапляліся нейкія незвычайныя працы?

— Акрамя галоўнага пераможцы, адзін чалавек заслугоўвае прыз. Хлопчык зь Берасьця даслаў нам свой верш, і, думаю, вельмі важна было б яго сёньня падтрымаць. Заўжды важна атрымаць дапамогу менавіта ад сваіх, як гэта найчасьцей бывае, напрыклад, у габрэяў ці баптыстаў… Беларусы першай эміграцыйнай хвалі ў ЗША дапамогу атрымлівалі ад расейцаў ці ад палякаў (у залежнасьці ад веравызнаньня). Таму сёньня вазьміце любую адрасную кнігу, і вы знойдзеце мноства нашых прозьвішчаў. Праўда, іх носьбіты пра сваё беларускае паходжаньне й не здагадваюцца.

Дарэчы, у зьвязку з гэтым прыгадваецца гісторыя, якая адбылася некалькі гадоў таму. Адзін амэрыканец вырашыў дазнацца пра свае карані. Усё, што ён памятаў, — аповеды бабулі, якая жыла быццам бы і ня ў Польшчы, і не ў Расеі. Узяў ён тады мапу, паглядзеў, што паміж імі — Беларусь. Чуў ад бабулі таксама, што іхны сваяк быў нейкім вядомым у Беларусі чалавекам. А вось прозьвішча ягонае ведаў толькі прыблізна. Праз Інтэрнэт выйшаў на Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Патэлефанаваў Кіпелю, а той і кажа: «Вядома, ведаю!» — і называе прозьвішча. Так чалавек, які амаль нічога й ня ведаў пра свой род, знайшоў сваякоў у Беларусі.

Пра спадчыну

— Помніцца, мінулым годам на форуме «Беларускай палічкі» вы й Лявон Юрэвіч вялі ажыўлены дыялёг з апанэнтамі зь Беларусі, якія вінавацілі эмігрантаў у бязьдзейнасьці ў справе захаваньня архіваў. У прыватнасьці, гаворка ішла пра спадчыну Натальлі Арсеньневай…

— Лёгка сказаць: забярыце архіў. А як гэта зрабіць? Сын Арсеньневай размаўляе на цудоўнай беларускай мове, але бацьку свайго, генэрала Францішка Кушаля, ён лічыў, мякка кажучы, дзіваком празь яго засяроджанасьць на беларускай ідэі. Яе ўнук размаўляе на ангельскай і пра Арсеньневу амаль нічога ня ведаў. Калі мы з жонкай прыехалі да паэткі, хлопец усё ніяк ня мог зразумець, чым яго бабуля заслужыла такую ўвагу. Калі ж мы расказалі, што ейны «Магутны Божа» сьпяваюць ва ўсіх беларускіх храмах, яго зьдзіўленьню не было межаў.

Цяпер, падобна на тое, праблему гэтую ўдалося вырашыць. Але зусім ня дзякуючы грамадзкаму рэзанансу, а проста праз імкненьне таго боку пазбавіцца ад сьмецьця.

Вядома, добра, калі з архівамі бывае так, як пасьля сьмерці слыннага чэскага перакладчыка Вацлава Жыдліцкага. Яго родныя патэлефанавалі нам і прапанавалі забраць усё беларускае.

— Мы ў Беларусі ўвесь час чуем аб расьцярушанасьці архіваў ці не па ўсёй тэрыторыі раcьсяленьня беларусаў у Штатах. А як жа ж вось гэтая Фундацыя Крэчэўскага — ці ня ёсьць яна прыдатным месцам для бібліятэкі-архіву?

— Пакуль тут насамрэч захоўваецца асноўнае, але прасторы катастрафічна не хапае. Калі, да прыкладу, Янка Запруднік пажадае перадаць нам сваю бібліятэку, яна зойме ўсё нашае памяшканьне.

Раней будынак даглядаў старшыня Фундацыі Францішак Бартуль. Цяперака гэтым займаюся я. У найбліжэйшы час належыць зрабіць рамонт, галоўная мэта якога — ня толькі асьвяжыць будыніну, але й добраўпарадкаваць архіў у сутарэньні.

Эмігранцкая адысэя

— За апошняе дзесяцігодьдзе столькі ўсяго адбылося… Чаму вы ўрэшце аселі ў ЗША?

— Напачатку мой ад’езд ня быў выгнаньнем. Беларусь я пакідаў яшчэ да таго, як Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, і калі ўсё ішло быццам бы нармальна. Адразу працаваў карэспандэнтам радыё «Свабода» ў Нью-Ёрку. Па закрыцьці аддзелу разам з жонкай Ганнай (дачка беларускіх эмігрантаў Веры й Франціша Бартуляў — К.Л.) і сынамі Сьветавітам і Славамірам пераехалі ў Прагу. Мінулым годам праз канфлікт з кіраўніком беларускае службы вымушаны быў пакінуць працу на радыё. Цяпер вось зноўку зь сям’ёй жывём у Амэрыцы.

— Не магу ўстрымацца ад банальнага пытаньня: дамоў не зьбіраецеся?

— 10 гадоў таму мы з жонкай былі гатовы атабарыцца ў Беларусі. Прычым Аня, па прафэсіі зубны тэхнік, была генэратарам гэтае ідэі. Аднак усё зьмянілася… Пакуль на радзіме пануе лукашэнкаўскі рэжым, сэнсу везьці туды сям’ю я ня бачу. Але адно вырашыў дакладна. На сконе гадоў абавязкова вярнуся ў Беларусь. Калі ўдасца ў Штатах зарабіць трошкі грошай, куплю сабе хатку дзе-небудзь у ідылічным месьцейку й буду пісаць мэмуары. Апроч таго, у мяне па-ранейшаму беларускі пашпарт, хаця я ўжо маю поўнае права на атрыманьне амэрыканскага. Дый сваёй кватэры ў Менску я таксама не прадаваў.

— Спадар Пазьняк мае асьцярогу за сваё жыцьцё на радзіме. А вы?

— Не, я зусім не баюся рэпрэсій з боку ўлады. Па-сур’ёзнаму мяне ніколі не чапалі. Канечне, у вірлівыя 80-я ў міліцыю трапляў не аднойчы, але ненадоўга. Бо заўжды размаўляў зь людзьмі. Незалежна ад таго, хто перада мной — свой чалавек ці супраціўнік.

Аднаго разу яшчэ на пачатку 80-х на адной зь менскіх кватэр мы ладзілі нелегальны моладзевы сход. Калі ўсе сабраліся, у дзьверы пагрукалі: «Адмыкайце, міліцыя!» Як толькі патрапілі ў кватэру, дык адразу пачалі нас здымаць. Ну й мы выцягнулі камэры й давай фатаграфаваць іх. Калі нас выводзілі з памяшканьня, мы ўзьнялі такі грукат, што людзі павыходзілі на лесьвічныя пляцоўкі. То бок пераўтварылі затрыманьне ў гумарыстычнае шоў. Яны ж і прад’явіць нам нічога не маглі. Скончылася ўсё тым, што мы тых хлопцаў проста разгаварылі і яны прызналіся, што атрымалі загад з КДБ: «Затрымаць!» Каго, што, яны ня ведалі. У аддзяленьні мы не заседзеліся, вярнуліся й усё роўна правялі сход.

— Але ці з усімі можна дамовіцца?

— Ведама, калі нехта стаіць на акцыі і ва ўсё горла раве на амонаўцаў: «Падонкі, сволачы!» — ну што ён можа атрымаць у адказ? Тутака не ўсялякі інтэлігентны чалавек устрымаецца.

Яшчэ ў часе маёй працы ў Празе мы з жонкай і дзецьмі часта наведваліся ў Беларусь. Калі ехалі першы раз, найбольш баяліся таго, каб нашы хлопцы не сказалі: «Ваш прэзыдэнт — дурань». Таксама вырашалі, ці пакінуць выяву «Пагоні» на аўто. Урэшце герб пакінулі, і я неаднаразова пераконваўся ў тым, што з усімі можна знайсьці супольную мову.

Раз спыняюць мяне пад Берасьцем з пратэрмінаванай страхоўкай. Бачу: два тыповыя вясковыя хлопцы. Распавёў, хто я, чым займаюся. А нумар у мяне на машыне быў «BNR 0325», расказаў і пра БНР. Усё зь цікавасьцю слухалі, а напрыканцы, перад тым, як адпусьціць, яшчэ й запыталіся, ці ведаю я Пазьняка.

Другім разам, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, везьлі ў менскі дзіцячы дом свае цацкі. Нашы хлопчыкі напісалі беларускім дзецям цёплыя цыдулкі: «Гэтыя цацкі становяцца жывымі, калі размаўляеш зь імі па-беларуску, але, калі хто ведае ангельскую мову, яны яе таксама разумеюць». Спыняюць нас на берасьцейскай мяжы: «Выгружай!» — «Што, усе цацкі?» — а выцягваць усё, зразумела, ахвоты няма. Адчынілі яны багажню, пачыталі цыдулкі, пасьмяяліся і на разьвітаньне спыталіся: «Падкажы, за каго галасаваць?»

— Ну няўжо ані разу не хацелася кагосьці кудысьці паслаць ці зьезьдзіць па твары?

— Заўсёды можна зламаць становішча, адказаць на хамства хамствам. Але нічога акрамя агрэсіі не сустрэнеш. Чым чалавек больш злосны, тым спакайней зь ім трэба размаўляць. Аднойчы раніцай на беларуска-польскай мяжы таўшчэзны мытны начальнік аб нечым у мяне пытаецца. Адказваю яму, ведама, па-беларуску, а ён як зараве: «Почему на белорусском отвечаеш?!» Зусім спакойна: «Родная мова». — «Ну, дзякую за родную мову», — і цісьне мне руку.

Асабліва важна ў кожнай пэўнай сытуацыі знайсьці патрэбныя словы. Вяртаўся неяк зь Беларусі ў Чэхію й за перавышэньне хуткасьці быў спынены даішнікам. Ведаю, што спрачацца зь імі ня мае сэнсу, таму адразу пытаю: колькі? Паглядзеў ён на мае дакумэнты: «А туды чаго едзеш?» — «На радыё «Свабода» працую». — «Ну і што ты там перадаеш?» — «Расказваю пра тое, як вам грошай ня плацяць, як кватэру па 10 гадоў ня можаце атрымаць». — «А, ну добра, едзь тады».

Міліцыянты, даішнікі, мытнікі — таксама людзі, і, натуральна, іх найперш хвалюе тое, што тычыцца саміх.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыў Кастусь Лашкевіч, Нью-Ёрк—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0