Тое, што адбылося ў Беларусі 17 кастрычніка, а таксама да і пасьля яго, прымусіла частку беларускага грамадзтва (кажу цяпер пра тых, хто галасаваў «супраць») задумацца аб тым, што рабіць далей. На гарызонце — Фідэль Кастра ў цэнтры Эўропы, Куба бяз пляжаў і пальмаў, безнадзейнасьць даўжынёю ў жыцьцё. Хтосьці проста працягне жыць як жыў — хіба што будзе імкнуцца пазьбягаць зьяўляцца на вуліцы з «Народнай воляй» у руцэ, гаварыць пра палітыку па-за межамі кухні або заходзіць у госьці да суседа, які ўсё яшчэ ў апазыцыі.
Хтосьці паспрабуе ўладкавацца ў жыцьці як яно ёсьць — «заб’е» на папярэднюю дзейнасьць і паспрабуе пайсьці ў дзяржструктуры (цяпер хіба любая праца ў Беларусі — гэта дзяржструктура). Хтосьці будзе шукаць магчымасьці зьехаць.
Раскошу быць нязгоднымі дазволяць сабе няшмат хто. Для іх дылем у жыцьці ўзьнікае яшчэ больш. Пытаньне ня толькі як жыць, але і як дзейнічаць. Ці «забіваць» на палітыку і самавыдаліцца ў дысыдэнцкае існаваньне, стаць апазыцыянэрам адносна ня толькі ўлады, але і ўсяго, што робіцца ў краіне, «выкраіць» для сябе куточак свабоды, хай і абмежаваны чатырма сьценамі кватэры і шасьцю соткамі лецішча? Ці прытрымлівацца «грамадзянскага супраціву», паводзінаў, мэтай якіх зьяўляецца не дасягненьне нейкіх палітычных мэтаў, а імкненьне засьведчыць перад іншымі і самім сабой сам факт пратэсту і няскоранасьці? Альбо працягваць бессэнсоўны па ўсіх вонкавых паказчыках удзел у чужым сьвяце жыцьця, які чамусьці надалей называецца палітыкай? Дэбаты на гэтую тэму ўжо пачаліся. Агучана пазыцыя сп.Шушкевіча, вядомы заклікі «Хартыі’97». Гэты артыкул — не аналітычная запіска на тэму «Як зрабіць так, каб Беларусь ня стала другой Кубай». Маё імкненьне — толькі пазначыць, што ёсьць для дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі выбар таго ці іншага шляху пасьля 17 кастрычніка.
Здавалася б, удзел у выбарах, калі іх вынікі становяцца амаль вядомымі за паўгоду, — гэта сьвядомае ўхваленьне карнавалу з выбарчымі скрынкамі і бясплатным пойлам, мастацкай самадзейнасьцю і амонаўскімі дубінкамі, сонечным тварам прэзыдэнта і жалезабэтонным маналёгам аўтараў наступных «Сейбітаў хаосу», спадарыняй Ярмошынай на фоне мультымэдыйных экранаў і спадаром Лябедзькам у інвалідным вазку. Іншымі словамі — наўмысная легітымізацыя, «наданьне высакароднасьці» ўладзе. Да таго ж, неўзабаве могуць зьнікнуць і мэханізмы выкарыстаньня электаральных мерапрыемстваў, арганізаваных уладай, дзеля нейкіх прапагандысцкіх мэтаў. Невядома, ці знойдуць мужнасьць выбаршчыкі адказаць на пытаньні экзыт-полаў праз два гады (да таго ж, ці будуць гэтыя экзыт-полы, калі апошні, вядома, не Экаомаўскі, быў арганізаваны амаль цудам). Невядома, ці ня будуць распрацаваны такія адміністрацыйныя тэхналёгіі, дзякуючы якім страшна будзе паказаць нават фігу ў кішэні ў форме бюлетэня, у якім прастаўлены крыжык насупраць прозьвішча апазыцыянэра. Невядома, ці будзе нават сама магчымасьць праставіць гэты крыжык, — а хто сказаў, што ўсе наступныя выбары ў Беларусі ня будуць праводзіцца з удзелам выключна Лукашэнкі і Гайдукевіча?
Усе пытаньні пра мэтады палітычнай барацьбы зводзяцца да двух. Першае — ці дэмакратычныя сілы ўсё яшчэ разьлічваюць на перамогу пры сваім жыцьці? Другое — ці разьлічваюць яны пры гэтым на ўласны народ? Ціхае дысыдэнцтва — гэта, вядома, адмоўны адказ на абодва пытаньні. У той жа час пераход да вулічнай барацьбы — гэта паварот сьпінай да ўласнага грамадзтва. Адлегласьць ад Чыжоўкі ды Малінаўкі да Кастрычніцкай плошчы вызначаецца зусім не кілямэтрамі ці хвілінамі праезду на аўтобусе — яна мерыцца страхам і нявер’ем у саму магчымасьць зьмен. Стаўшы ў позу «Хай гара ідзе да Магамэта», мы мала каго дачакаемся — як было і некалькі гадоў таму, калі хадзіць на мітынгі было куды бясьпечней. Чарговы пэрформанс з эксклюзіўным правам на інтэрпрэтацыю БТ-1 загоніць беларусаў глыбей у страх і нявер’е. Кадры «слабай» апазыцыі, якая ня мае падтрымкі ў насельніцтва, папоўняцца яшчэ сотнямі мэтраў кінастужкі. Грамадзянскі супраціў заўважаць хіба што за мяжой — і то ня ўсе. У сьвеце хапае дыктатур, дзе прыхільнікі дэмакратыі змагаюцца ў сапраўды нечалавечых умовах.
Нават самыя заўзятыя праціўнікі ўдзелу ў выбарах пагодзяцца, што ўдзел у кампаніі, нават самай безнадзейнай, паходы па кватэрах, нават калі яны суправаджаюцца затрыманьнямі і нападамі а-ля гоп-стоп, усё ж такі лепшы спосаб данесьці альтэрнатыву да грамадзтва, чым зусім ужо ня масавыя акцыі (18 кастрычніка — выключэньне, якое толькі пацьвярджае правіла: гэта была пасьлявыбарчая акцыя). Аднак навошта ўсё гэта, калі ўдзел у выбарах ня мае працягу і ўсе застаюцца пры сваіх — улада пры ўладзе, апазыцыя пры маральнай перамозе, якую акрамя замежжа ніхто не прызнае?
Што ж, давайце паглядзім яшчэ раз, што здарылася 17 кастрычніка і пасьля яго. Абяцалі не пакінуць каменя на камені ад апазыцыі. Аднак застацца без прадстаўніцтва ў парлямэнце — апазыцыі не прывыкаць. Насамрэч улада не пакінула каменя на камені ад уласнай рэпутацыі. Як мінімум — у навакольным сьвеце. Аднак таксама — сярод усіх тых, хто прагаласаваў «супраць». Яны не паверылі — і іх шмат. Нічога лепшага, каб абудзіць масавы недавер да ўлады, каб ня проста паказаць яе як антыдэмакратычную і рэпрэсіўную, а ўзьняць на сьмех унутры і звонку, — нічога больш эфэктыўнага, чым удзел у выбарах, хай і ў выбарчым фарсе, прыдумаць нельга было б. Дарэчы, тое самае тычыцца і афіцыйных СМІ. Улада мусіла рабіць штосьці з апазыцыяй. І мусіла рабіць гэта так, што заўважылі далёка не адзінкі. Хто ўсё яшчэ клапоціцца пра тое, што ўдзел апазыцыі ў лукашэнкаўскіх выбарах прывядзе да яго міжнароднай легітымізацыі, — параўнайце рэакцыю на падзеі 17 кастрычніка і на выбары ў палату ў 2000 г. Тады мы сапраўды былі за два крокі да легітымізацыі — у параўнаньні зь сёлетнімі, безапазыцыйныя (але фармальна не безальтэрнатыўныя) выбары чатырохгадовай даўніны былі амаль чыстымі (у сэнсе, як халасьцякі сартуюць бялізну — брудная і брудная, але можна насіць).
Вядома, тое, што робіцца ўнутры краіны, нашмат больш важна, чым тое, што аб ёй гавораць звонку. А тут, у Беларусі, за зьмены пакуль яшчэ далёка не абсалютная большасьць. Незалежна ад таго, каму мы больш верым, Гелапу ці Лідзіі Ярмошынай, відавочна — за Лукашэнку ўсё яшчэ галасуюць да халеры шмат. Частка зь іх робяць гэта без усялякага прымусу. Іншыя лёгка паддаюцца прапагандзе ў дзяржаўных мэдыях (ды як такой не паддасіся!). Піяр-кампанія рэжыму была не такой дубовай, як яе часьцяком ацэньваюць незалежныя аналітыкі. Некаторыя з ролікаў, якія шалёна круціліся, пачынаючы з 21:00 7 верасьня, сапраўды выбівалі сьлязу ў памяркоўных беларусаў (як у тым анэкдоце пра тры чэрапы Васіля Іванавіча: «Ну куды вы лезеце, дачнік, лекцыя ж для калгаснікаў!»). Рэйтынг Лукашэнкі нядрэнна паднялі і міліцыянты з аманаўцамі, што старанна адсякалі апошнія наяўныя інфармацыйныя альтэрнатывы (газэты, улёткі) ад выбаршчыкаў. Аднак — паводле зьвестак таго ж Гелапа, з тых заўзятых лукашыстаў, якія пазнаёміліся з апазыцыйнымі праграмамі, з альтэрнатыўным пунктам гледжаньня, амаль чвэрць прагаласавала супраць трэцяга тэрміну! Што з гэтага вынікае? Калі апазыцыя ўсё ж такі разьлічвае на народ, за яго ёй яшчэ трэба доўга змагацца. Але гэтае змаганьне не такое бясплённае, як можа падацца.
Лічбы прыхільнікаў і апанэнтаў зусім не такія неадэкватныя, як здаецца прапанэнтам «грамадзянскага супраціву». Каб такі супраціў меў нейкі плён, апазыцыя (альбо дысыдэнцкі асяродак) павінны мець за сабой велізарны маральны, культурны капітал, які б рабіў іх справу бясспрэчна «правай» з пункту гледжаньня грамадзтва. У ідэале — уласнага Папу. У нас жа нават няма і свайго патрыярха Паўла, які, пасьля доўгага спрыяльнага маўчаньня на адрас Мілошавіча, урэшце дапамог дэмакратычнай рэвалюцыі. Супраць нас і дамінуючая царква, і створаная ўладамі эліта (удзел у выбарах на баку ўлады дырэктара Купалаўскага тэатру — гэта знакавая падзея), і мэдыі, і спартоўцы — акрамя адзінак, якіх, аднак, круцяць па тэлеку толькі ў адмысловых праграмах. Спадзявацца няма на каго. Толькі на саміх сябе. І на тых, хто з намі ў кухонных размовах.
Дарэчы, у таго, што адбылося 17 кастрычніка, ёсьць і яшчэ адна недасказаная гісторыя. Паводле іншых даных таго ж Гелапа, якія не атрымалі вялікага рэзанансу, пераважная большасьць тых, хто на рэфэрэндуме прагаласаваў «супраць», на парлямэнцкіх выбарах галасавалі за прэтэндэнтаў ад дэмакратычных сіл — «Пяцёркі+», Эўрапейскай кааліцыі ды «Рэспублікі». Дэмакратычная апазыцыя сапраўды набірала галасы. Колькі — падлічыце самі, гэта залежыць ад таго, якім зьвесткам аб выніках галасаваньня вы верыце. Але для тых, хто ня згодны з вэрсіяй Лідзіі Ярмошынай, павінна быць відавочна: сярод той часткі грамадзтва, якая не падтрымлівае Лукашэнку, пошук палітычнай альтэрнатывы лягічна прыводзіць да падтрымкі дэмакратаў. Гэтага ня здарылася б, калі б дэмакратаў зусім не было на лякатары грамадзкай увагі альбо калі б яны прысутнічалі выключна ў «пяцімінутках нянавісьці» ў выпусках БТ (з пачатку году ў кожным выпуску штотыднёвай праграмы «Ў цэнтры ўвагі» як мінімум адзін сюжэт быў прысьвечаны выкрыцьцю апазыцыі, і ён працягваўся прыкладна пяць хвілін — Оруэл быў бы ўражаны). Акрамя таго, калі за апазыцыю сапраўды галасавала нямала людзей, гэта сьведчаньне таго, што дзяржаўная прапаганда пры ўсёй неабмежаванасьці рэсурсаў, якія ў яе ўкідваюцца, не спрацоўвала. Удзельнічаючы ў выбарах, нават такіх, якія яны ёсьць сёньня ў Беларусі, апазыцыя можа рэальна пашыраць сваю сацыяльную базу. Хай гэта будуць людзі, якія потым ня выйдуць на вуліцы, каб абараніць сваю волю выбаршчыка, — яны як мінімум будуць ведаць, што Лукашэнку існуе альтэрнатыва, якая гэта альтэрнатыва і што яны яе падтрымліваюць.
Безумоўна, ужо зразумела, што схема «югаслаўскага варыянту» ў Беларусі не спрацоўвае. Безумоўна, вырашыць усе пытаньні выключна выбарамі ня ўдасца. Вядома, што і ўлада ня сьпіць: цяпер, калі праз выбары нельга нават стварыць парлямэнцкую апазыцыю, калі назіраньне ператварылася ў недарэчнасьць, калі да падліку галасоў дапускаецца хіба абмежаванае кола асобных грамадзян (ці асобнае кола абмежаваных грамадзян), — улада сама будзе лічыць кожнага, хто яшчэ хоча ўзяць удзел у выбарах, патэнцыйным рэвалюцыянэрам, як мінімум правакатарам, з усімі наступствамі. Аднак пакуль нас не крытычная маса, пакуль лукашыста можна сустрэць праз крок, пакуль астатнія альбо баяцца, альбо думаюць «А хто яшчэ?» — прыйдзецца займацца сызыфавай выбарчай працай. Адзін раз камень можна будзе і дапхаць да гары — калі і не праз выбары, то шмат у чым дзякуючы ім — праца зь людзьмі ніколі не залішняя. А як сядзець унізе і чакаць пад’ёмнага крана — камень там і застанецца.
Віталь Сіліцкі