З розьніцай у тры тыдні адбыліся эўрапейскі ў Лёндане і беларускі ў Менску сацыяльныя форумы — асамблеі прыхільнікаў левай плыні.

Для чайнікаў нагадаю, што гісторыя форумаў зьвязана з горадам Порту-Алегры, сталіцай штату Рыё-Грандэ-Ду-Сул, што ў Бразыліі. Дарваўшыся да ўлады ў тутэйшым муніцыпалітэце, сябры Партыі працы ператварылі места ва ўзор самакіраваньня. Імі быў рэалізаваны т.зв. «партыцыпацыйны бюджэт», калі рады жыхароў і NGO вырашаюць, каму колькі асыгнаваць з гарадзкой казны. У вачах левакоў усяго сьвету Порту-Алегрэ адразу стаўся П’емонтам сацыялізму, таму ў студзені 2001 г. у піку эканамічнаму форуму ў Давосе менавіта тут сабраўся левы бамонд — ад герыльерас-сапатыстаў да міністра францускага ўраду Шэвэнмана. Прысутнымі была асуджана мадэль нэакапіталістычнай глябалізацыі і закладзена традыцыя сацыяльных форумаў, якія хутка лякалізаваліся на кантынэнтальным і нацыянальным узроўнях.

У 2002 г. у Флярэнцыі адбыўся першы, а ў наступным годзе ў Парыжы — другі Эўрапейскі сацыяльны форум (ЭСФ). У гэтым годзе гаспадаром форуму быў абраны Лёндан. Беларусы таксама не засталіся на пэрыфэрыі сусьветных трэндаў. У 2003 г. у Менску ўбачыў сьвет аргкамітэт Беларускага сацфоруму (БСФ), які плянавалі на каталіцкія Каляды. На жаль, выбарчая кампанія і фінансавыя траблы прымусілі падкарэктаваць пляны. Форум адбыўся толькі ў мінулы ўік-энд.

Натуральна, маштабы менскага і лёнданскага форумаў цяжка параўнаць.

Галоўным фундатарам ЭСФ выступаў мэр Лёндану Кен Лівінгстан. Лёнданскі бурмістар, па мянушцы Чырвоны Кен, стаў левым гуру яшчэ ў 80-х, калі ўзначальваў лёнданскую Раду. Тады ён проста фантанаваў сацыяльнымі праектамі. Кульмінацыяй яго фантазій стаў праект дэмантажу калёны адмірала Нэльсана на Трафальгарскай плошчы, на месцы якой плянавалася закласьці помнік Нэльсану Мандэлу. Прыколы Кена даканалі тагачаснага прэм’ера Тэтчэр, і яна пазбавіла сталіцу магдэбурскага права. Праўда, як толькі лейбарысты прыйшлі да ўлады, самакіраваньне аднавілі, Кен вярнуўся у фатэль мэра і ўзяўся за старое, у выніку чаго Лёндан і стаў гаспадаром ЭСФ. Натуральна, і памяшканьне пад форум ён выбіў саліднае — ЭСФ адбываўся ў т.зв. Аляксандар-палацы — будынку, вядомым як першая рэзыдэнцыя ВВС (якраз адсюль бітлы трансьлявалі ў лайфе на ўвесь сьвет вядомы гіт «All You Need Is Love»).

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Лёлік Ушкін,

Лёндан—Стайкі—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0