На могілках у мястэчку Целяханы, дзе побач пахаваныя нямецкія жаўнеры першай сусьветнай вайны і маці маршала Ракасоўскага, 6 лістапада быў асьвячоны помнік на магіле беларускага сьвятара Баляслава Пачопкі.

Баляслаў Пачопка стаў каталіцкім сьвятаром бізантыйскага абраду ў 1926 г. Высьвячаў яго мітрапаліт Галіцкі Андрэй Шаптыцкі ў саборы Сьв.Юра ва Львове. Айцец Баляслаў атрымаў прызначэньне на пробашча каталіцкай парафіі славянска-бізантыйскага абраду ў вёсцы Бабровічы, а таксама выконваў абавязкі вікарнага сьвятара ў рыма-каталіцкай парафіі ў Целяханах. Апрача душпастырскай працы, якую ён вёў сярод людзей, Пачопка быў сталым удзельнікам унійных канфэрэнцый, якія ладзіліся ў Пінску ў міжваенным часе. Дарэчы, рабіў даклады выключна па-беларуску. Айцец Баляслаў працаваў сярод вернікаў у Бабровічах да самай сьмерці ў 1940 г. Прыход савецкай улады моцна ўскладніў ягонае служэньне. Ад арышту ўратавала яго толькі заўчасная сьмерць, а ягоныя жонка і дзеці мусілі хавацца і ратавацца ўцёкамі. Пахавалі яго на каталіцкіх могілках каля Целяханаў.

Доўгі час месца пахаваньня а. Баляслава Пачопкі было невядомае, бо старыя могілкі амаль зьніклі ў лясным гушчары. Дапамог шчасьлівы зьбег абставінаў. У мясцовым друку ўзьнялася дыскусія наконт стану могілак і патрэбы іх аднаўленьня. Невядома, што мела вырашальнае значэньне — тое, што на іх пахаваная маці маршала К. Ракасоўскага ці знаходзяцца магілы нямецкіх жаўнераў першай сусьветнай вайны, але летась могілкі былі ўпарадкаваныя. Тэрыторыю расчысьцілі, паставілі агароджу. З дапамогай мясцовых жыхароў адшукалі Пачопкаву магілу.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Алесь Трафіменка

Даведка «НН»

Баляслаў Пачопка нарадзіўся ў 1884 г. на Віленшчыне, у засьценку Ўляны, што пад Рукойнямі. Ад 1907 г. быў сталым аўтарам «Нашай Нівы», а падчас пражываньня ў Вільні наладзіў сувязь зь беларускім нацыянальным рухам. У 1913—1915 выдаваў газэту «Bieіarus». У 1915 г. Б.Пачопка стварыў першую Сьвіслацкую беларускую настаўніцкую сэмінарыю. Ён аўтар адной зь першых беларускіх граматык (1915) лацінкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0