Валер Шчукін стварае Народную асамблею з тых, хто ня трапіў у нацыянальны сход

У Беларусі выбухнула піяр-бомба: рыхтуецца стварэньне Народнага парлямэнту. Ідэя сабраць 110 дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты, якія мелі праблемы з рэгістрацыяй ці ня здолелі здабыць дэпутацкія партфэлі праз фальсыфікацыі, належыць праваабаронцу Валеру Шчукіну. «Не-не, гэта не альтэрнатыва апазыцыйным аб’яднаньням, — пераконвае ён. — Галоўная мэта — стварэньне альтэрнатывы афіцыйнаму парлямэнту, якога ніхто не прызнае легітымным».

Валер Шчукін зьвяртае ўвагу на тое, што новае аб’яднаньне, хутчэй за ўсё, будзе называцца не парлямэнтам, а асамблеяй — каб пазьбегнуць магчымых юрыдычных праблем. Стваральнік асамблеі адразу папярэджвае яе патэнцыйных сяброў пра пэўную рызыку: іх могуць абвінаваціць у прысваеньні чужых паўнамоцтваў, а гэта — крымінальная справа.

Чым будуць займацца «народныя парлямэнтары»? «Распрацоўкай альтэрнатыўных праектаў найбольш рэакцыйных законаў, прынятых афіцыйным парлямэнтам, — мяркуе Валер Шчукін. — Яшчэ адной задачай будзе прыняцьце альтэрнатыўнага закону аб выбарах, які б дазволіў дэмакратычным кандыдатам быць абранымі».

«Ідэя цікавая, — кажа Алесь Міхалевіч (БНФ), які быў пазбаўлены ўладамі права ўдзельнічаць у выбарах за некалькі дзён да галасаваньня. — Мяне, аднак, цікавіць у першую чаргу пытаньне легітымнасьці гэтых дэпутатаў. Трэба было б правесьці сход кандыдатаў да выбараў, а таксама зладзіць падобны «хурал» пасьля і ўжо на ім прымаць рашэньне аб магчымасьці аб’яднаньня. Гэта патрэбная ініцыятыва, і варта было б сабраць асамблею дэмакратычных кандыдатаў, якія былі зьнятыя ці незарэгістраваныя, але нельга, каб гэтае ўтварэньне было альтэрнатывай «Пяцёрцы+», бо яна — рэальны цэнтар кіраваньня аб’яднанай апазыцыяй».

Юрась Зянковіч, прэс-сакратар ПБНФ, пацьвердзіў афіцыйную пазыцыю партыі: утварэньне «народнага парлямэнту» — гэта спроба стварэньня альтэрнатыўнага цэнтру прыняцьця рашэньняў па-за «Пяцёркай+», таму партыя падтрымаць яго ня можа. Тым больш што ўжо існуе аб’яднаньне легітымна абраных дэпутатаў — Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0