У аўторак у міністра інфармацыі Русакевіча сышліся ўсе 13 кіраўнікоў FM-cтанцый, каб абмеркаваць гарачае пытаньне «75 працэнтаў». Нарада была закрытай для журналістаў, аднак удалося дазнацца, што там адбывалася. Радыйшчыкі выбралі наступную тактыку: каб трансьляваць столькі беларускай музыкі, яе столькі трэба мець. Трэба мець якасныя студыі, вялікую колькасьць таленавітых аранжыроўшчыкаў ды музыкаў, спрыяльныя ўмовы для раскруткі — усё тое, чаго цяпер бракуе.

Асноўныя праблемы — запісы айчынных выканаўцаў, якія дасылаюцца цяпер на радыёстанцыі: а) несуаднесеныя з фарматам — на «Расейскім радыё», напрыклад, «Крамбамбулі» не пачуеш; б) нізкай якасьці (як заўважыў адзін з кіраўнікоў FM-станцыі, ці не палова беларускіх музыкаў пішуцца ў сябе на кухні). Тым ня менш, усе пагалоўна кляліся ў сваім жаданьні падтрымліваць беларускую музыку, «калі трэба». Пакуль было вырашана пакінуць усё як ёсьць, г.зн. у творчых канцэпцыях FM-станцый застаецца лічба 50%, аднак міністар інфармацыі вызначыў deadline «на падумаць» — да Новага году. Праз паўтара месяца ўсе зьбяруцца ізноў, каб нарэшце вызначыцца.

Словы Лукашэнкі, прамоўленыя на нарадзе, прысьвечанай «Славянскаму базару», пра тое, што Пугачова гучыць з кожнага праса, а беларускай музыкі на радыё вельмі мала, змусілі кіраўнікоў FM-станцый перагледзець музычную фанатэку на прадмет наяўнасьці там песень беларускіх выканаўцаў. Лукашэнка захацеў, каб айчынная музыка займала яшчэ болей месца ў этэры — уведзеная раней норма ў 50% мусіць павялічыцца яшчэ на 25%, прычым не ўначы, як гэта было раней, а ў спрыяльны для слуханьня час.

Што значыць для FM-станцыі, у якой фармат, напрыклад, «сучасная замежная поп-музыка», аддаць большую частку вяшчаньня на беларускіх выканаўцаў? Зь іншага боку, пры адсутнасьці квотаў для беларускай музыкі, нацыянальная культура аказваецца безабароннаю перад агрэсіўнай расейскай поп-індустрыяй.

Лідэр групы «J-Moрс» Уладзімер Пугач, песьні якога знаходзяцца ў жорсткай ратацыі на ўсіх айчынных радыёстанцыях, дзьвюма рукамі падтрымлівае ўвядзеньне большае квоты: «Няроўныя ўмовы? Знайдзіце беларускіх выканаўцаў на ТВ. Там гучаць у асноўным расейскія. 75-працэнтная квота можа заахвоціць і лэйблы, і музыкаў, і студыі на вытворчасьць больш якасных фанаграм».

Лідэр «Палацу» Алег Хаменка адрэагаваў эмацыйна: «Да папулярызацыі роднай музыкі трэба ісьці гадамі, а то беларус Сярога становіцца зоркай ва Ўкраіне, а ў нас невядомы. 20 айчынных калектываў не пускаюць на ТВ! Плюс пастановы: калі будуць круціць бальшыню беларускай музыкі, грошы з адлічэньняў застануцца ў Беларусі».

Сяргей Будкін

Штурм FM працягваецца

Актывісты маладзёвай ініцыятывы «Вока» працягваюць штурмаваць менскія FM-станцыі, просячы уключыць для іхных сяброў песьню на беларускай мове ў часе канцэртаў па замовах слухачоў. Пасьля «Альфа-радыё» надышла чарга радыё «Пілёт», на якім удалося замовіць… адну песьню.

Затое дырэктар «Альфа-радыё» запрапанаваў сустрэцца з прадстаўнікамі ініцыятывы, каб папрасіць прабачэньне за непаразуменьні, калі супрацоўнікі станцыі патрабавалі ад юнакоў гаварыць па-расейску, калі яны хочуць трапіць у эфір станцыі.

Паводле «Вока» дзьве радыёстанцыі яны не зьбіраюцца штурмаваць. Гэта «Аўтарадыё», дзе пускаюць шмат беларускай музыкі, прычым у беларускім блёку гучаць песьні толькі па-беларуску. Другое — радыё «Мір», якое не ганьбавала беларускія песьні нават да славутых 50%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0