Уладзімер Граўцоў, уласьнік выдавецкага холдынгу

Уладзімер Граўцоў трапіў на філфак, бо ня здаў іспытаў на журфак. Скончыў яго ў 1985 г. і вельмі хацеў застацца на літаратурнай працы ў часопісах, але ня здолеў і паехаў працаваць у Асіповіцкі раён загадчыкам інтэрнату пры школе, настаўнікам этыкі і псыхалёгіі, пазьней дырэктарам школы. Адтуль ён дасылаў артыкулы і п’есы ў «Вожык», «Крыніцу». Ягоныя п’есы пачалі ставіць лялечныя тэатры. Нарэшце празь некаторы час Уладзімера запрасілі працаваць у ТЮГ. Амаль год ён кожныя выходныя езьдзіў да сям’і ў вёску, везучы торбы з прадуктамі.

Генадзь Бураўкін, паэт і дыплямат

Генадзь Бураўкін скончыў аддзяленьне журналістыкі на філфаку ў 1959 г. Унівэрсытэт, паводле яго прызнаньня, даў яму дружбу, чалавечую загартоўку і вызначыў сямейнае жыцьцё. Гады навучаньня паэт прыгадвае як бедныя, але шчасьлівыя. Філфак адкрыў сьвет для студэнтаў, даў жаданае далучэньне да сусьветнай культуры. Час навучаньня прыпаў на XX зьезд партыі і адлігу, тым больш зьмястоўным і насычаным быў працэс адукацыі. На курсе сабраліся спрэс будучыя знакамітасьці: Міхась Стральцоў, Рыгор Барадулін, а курсам раней ці пазьней — Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Іван Чыгрынаў, Іван Пташнікаў, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч. Сваё пакаленьне Генадзь з гонарам называе філфакаўскім. Другім вялікім шчасьцем было пражываньне ў інтэрнаце. Яно давала бясцэнны вопыт жыцьця зь іншымі людзьмі і іх разуменьня. У інтэрнаце Генадзь жыў разам з Рыгорам Барадуліным і Міхасём Стральцовым. З Барадуліным, дарэчы, пазьней жылі ў адным пад’езьдзе, дый цяпер пад’езд Генадзя Мікалаевіча «філялягічны»: паверхам вышэй ад яго жыве Юрась Бушлякоў.

Вінцук Вячорка, палітык

Час навучаньня ва ўнівэрсытэце Вінцука Вячоркі прыпаў на пярэдадзень нацыянальнага адраджэньня. Вінцук паступаў на філфак ужо нацыянальна сьвядомым, сам сабой яшчэ ў школе пачаў размаўляць і весьці дзёньнік па-беларуску, за што ў дзёньніку была заўвага: «Заполняй дневник нормально!» На філфаку першым часам яго зьдзівіла тое, што мала хто размаўляе па-беларуску. Аднак потым сабралася добрая каманда з будучага барда Сокалава-Воюша, Алены Анісім, якія стварылі нефармальнае аб’яднаньне моладзі «Майстроўня». Ладзілі культурніцкія вечарыны, на якія зьбіраліся поўныя залі. З таго часу вядомы Вячоркавы арганізатарскія схільнасьці што да грамадзкай дзейнасьці.

Алесь Пашкевіч, старшыня Саюзу пісьменьнікаў

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч мяркуе, што на філфак варта было ісьці хаця б дзеля таго, каб знайсьці там жонку, — яна вучылася з Алесем у адной групе.

Іосіф Кучынскі, палкоўнік міліцыі

Іосіф Кучынскі — начальнік упраўленьня ідэалягічнай работы ў цэнтральным апараце МВД. Яшчэ падчас навучаньня яго вабілі пагоны, аднак на філфаку існавала вайсковая катэдра, і набору ў войска пасьля заканчэньня не было. Але рэкамэндацыю, падпісаную тады старшынём камсамолу БДУ, а сёньня кіраўніком дзяржкантролю Тозікам, Кучынскі атрымаў у міліцыю. Адпрацаваў 20 гадоў у міліцыі на транспарце, у міліцэйскай акадэміі.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0