Дзеці нашыя і дзеці чужыя

Калі крочыш віленскімі дварамі, бачыш дзясяткі розных дзетак — з багацейшых сем’яў і зь сем’яў тых, хто зь цяжкасьцю дацягвае да чарговага заробку, дзетак літоўцаў, дзетак літоўскамоўных расейцаў і дзетак «палякаў з-пад Горадні». Сьвежых і прыгожанькіх, кволых і хваравітых, бойкіх і актыўных, запаволеных і мэлянхалічных дзетак. Гэткіх жа, як у мяне на Радзіме. Нічым не адрозных ад менскіх.

Але калі я праходжу міма дому, каля якога яшчэ не старая літоўская бабуля разьвешвае намытую бялізну, ейная зусім маленькая ўнучка, кінуўшы свае справы, падыходзіць да мяне і глядзіць да сьмешнага бессаромным позіркам проста ў вочы. Я ўсьміхаюся, як бы я ўсьміхнулася сваёй аднакурсьніцы, і гэтак жа безь дзіцячаньняў кажу: «Здарова». Яна таксама шырока ўсьміхаецца, уся зіхаціць і адказвае мне: «Здарова». Пасьля какетліва закочвае вочы і паказвае пальчыкам на кінуты праз маё зьяўленьне занятак. На ўзроўні маіх каленяў бабуля павязала ёй уласную вяроўку, дзе яна разьвешвае ўласныя кашулькі і нагавічкі. Пасьля мы махаем адна адной, і я іду шпацыраваць далей.

Кожны раз пасьля нечаканых сутыкненьняў з разьняволенымі незакамплексаванымі замежнымі дзецьмі мне прыгадваецца сяброўскі пляменьнік Уладзік, беларускае малое, падобнае да купідона з касьцельнай ляпніны. Гэтае бездакорна прыгожае стварэньне кожны раз, сустракаючыся са мною, паказвае на мяне пальцам і зь недаверлівай непрыязнасьцю шыпіць: «Цёёёёёёця…». Вядома, свае выключэньні можна знайсьці паўсюль, але я заўсёды адчуваю ў такіх паводзінах беларускіх дзетак нейкую схаваную пагрозу. Гэта нібыта паказвае ўсю нездаровую сытуацыю ў нашай краіне. Бо нашы дзеці яшчэ ў самым сваім, здавалася б, несьвядомым узросьце, калі не адчуваецца небясьпекі, калі хочацца засунуць палец у тостэр і скочыць з даху бацькавага гаража на дах суседзкага, пры гэтым саромеюцца людзей і не пачуваюцца камфортна ў асяродку чужых дарослых (ці, прынамсі, сталейшых). Яны выхоўваюцца ў грамадзтве, дзе прынята асьцерагацца адно аднаго, дзе нада быць паслушным, дзе трэба васьпітываць дзяцей, даваць ім дзягі, раўсьці ім на вуха, казаць «Няльзя», загадваць: «Стань красіва» і «Паздаровайся зь дзядзям». Між тым мае падазрэньні пра віну грамадзтва пацьвярджаюць і дзеці яго так званай альтэрнатыўнай часткі: беларускія «хіпары» сваіх дзетак сонца цягаюць на канцэрты і фэстывалі, дзе апошнія бяруць кожнага за руку і радасна паведамляюць усяму сьвету сваё імя і прозьвішча. Тое ж адбываецца і ў асяродках свабодных і сьвядомых беларусаў, дзе малыя растуць як сабе хочацца, ходзяць куды ўзбрыдзе, апранутыя бог ведае як, вечна ўсьмешлівыя і да ўсіх прыязныя ды ветлівыя. І першыя, і другія хутчэй сталеюць, робяцца самастойныя і могуць паапекавацца самі сабой з раньніх гадоў жыцьця. На жаль, гэта не стандарт.

Сыстэма вучыць чалавека быць падначаленым і ня тое каб баяцца, але недзе глыбока ўнутры ціхенька так пабойвацца кожнага мацнейшага, бо варожы інтарэс можа быць нават за самым добразычлівым тварам. І нашы малыя чалавечаняткі прыпадабняюцца да малых кацянятак ці галубоў, якіх інстынкт прымушае асьцерагацца людзей, хаця, як правіла, ніхто не жадае зла гэтым насельнікам гораду. І што ўжо казаць пра дарослых, якім крылы паабломваў досьвед, калі іх дзеткі, якім трэба было б глядзець на сьвет шырока расплюшчанымі вачамі, быць наіўнымі і цікаўнымі, з раньніх гадоў навучаюцца саромецца і не давяраць.

Поўнасьцю гэтае эсэ можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0