— Ах, якія прыгожыя, далікатныя гэтыя сястрычкі Ліпы! — не пераставалі захапляцца шляхетныя Каштаны на вуліцы Ажэшкі, паглядаючы на юных суседак. А іх пляменнікі, маладыя Каштаны, што жылі праз дарогу, былі безнадзейна закаханымі ў прыгажуняў-сясцёр. Яны ж, і насамрэч, красуні, былі заўсёды сумнымі, бо не маглі адвесці вачэй ад ганаровых Ясакараў, што вылучаліся нетутэйшым хараством між іншых дрэваў і здаўна жылі ля Гараднічанкі ў скверы Жылібера. А тыя, нібы Нарцыс з антычнага міфа, былі закаханымі толькі ў сябе.

Няшчасце прыйшло нечакана.

Няшчасце прынеслі людзі.

Загудзелі, заскрыгаталі пілы, прагна ўпіліся ў жывыя, такія дасканала прыгожыя целы. З глухім гулам упалі Ясакары, зашапацеўшы галінамі. Іх вочы ўпершыню глянулі ў вочы маладзенькіх Ліпаў, угледзелі ў іх тое, чаго ніколі не зведалі ў жыцці, – вялікае, шчырае, пяшчотнае каханне, якое – не памірае, бо як жа не верыць Караткевічу: ён ведаў пра каханне ўсё:

Калі памірае каханне… Але каханне не памірае.

Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў,

Безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай,

Калі нічым не дапаможаш, хаця сэрца аб зоры разбі.

Каханне не памірае. Паміраюць ад кахання. Крывавым болем напаўняліся сэрцы маладых Ліпаў. Нядоўга перажылі яны сваіх каханых. Прастаялі змрочную гарадзенскую зіму, застыўшы ў скрусе, каб так і не праснуцца вясной, засталіся хмурнымі і чорнымі. І маладыя Каштаны, якія ўжо пачалі былі выпускаць да жыцця са сваіх галінаў зялёныя лісточкі, засохлі ад нечаканай страты…

Чорныя-чорныя дрэвы, што цягнуць у неба мёртвыя галіны на вуліцы Ажэшкі ў Гародні, — гэта ахвяры страчанага кахання, гэта і папрок людской жорсткасці. Іх пакуль не ссеклі. Людзі занятыя іншым вынішчэннем…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?