16 лістапада адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску адмовіла ў перарэгістрацыі рэлігійнай суполцы «Царква «Новае жыцьцё» . Крымінальная справа супраць старшыні ГА «Воля да разьвіцьця» (Слонім) Міхася Варанца па абвінавачаньні ў нявыплаце падаткаў паводле праграмы TACIS спынена 17 лістапада. У Магілёве 17 лістапада за распаўсюд перадрэфэрэндумных улётак на адну базавую велічыню аштрафаваны актывіст «Зубра» Мікалай Ільін. 16 лістапада ў Горадні паводле падазрэньня ў распаўсюдзе ўлётак затрыманы актывісты Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, Зьміцер Міхалюк, Максім Губарэвіч. Саранчукова яшчэ аштрафавалі на 70 б.в. за ўдзел ва ўшанаваньні памяці братоў Каліноўскіх 31 кастрычніка ў мястэчку Сьвіслач. Рэдактара недзяржаўнай газэты «Борисовские новости» Анатоля Букаса 17 лістапада выклікалі да сьледчага з нагоды заведзенай на яго крымінальнай справы. Управа юстыцыі Менгарвыканкаму 17 лістапада зьняла з уліку Серабранскую й Цэнтральную суполкі ды Сьвіслацкую й Кальварыйскую раённыя рады ПБНФ. 17 лістапада прэс-сакаратара беларуска-расейскага фонду «За новую Беларусь» Аляксандра Коктыша выклікалі ў пракуратуру Заводзкага раёну Менску: праваахоўнікі ўбачылі парушэньні закону ў прэс-канфэрэнцыі, якую далі прадстаўнікі апазыцыі 21 кастрычніка ў рэдакцыі газэты «Московский комсомолец». Марына Леванеўская, жонка асуджанага Валер’я Леванеўскага, зьвярнулася 18 лістапада да генпракурора й іншых службовых асоб: у сям’і канфіскавалі маёмасьць больш як на 15 тыс. даляраў і 10 тыс. даляраў грашыма. На 6 б.в. аштрафаваны 18 лістапада кіраўнік РГА «Прававая ініцыятыва» Леанід Судаленка і на 5 б.в. — сябар АГП Мікалай Ісачанка за распаўсюд улётак. Шклоўскі райсуд 18 лістапада адхіліў скаргу рэдактара недзяржаўнай газэты «Шклоўскія навіны» Аляксандра Шчарбака, які абскарджваў штраф за распаўсюд улётак: суд палічыў, што сьведкі Шчарбака не заслугоўваюць даверу. Намесьніцу рэдактара «БДГ» Ірыну Халіп выклікалі 19 лістапада ў пракуратуру Партызанскага раёну Менску з нагоды артыкулу ў расейскім часопісе «Новый очевидец» пра пасьлярэфэрэндумныя акцыі. Старшыню ПБНФ Вінцука Вячорку памежнікі затрымалі 19 лістапада на памежным пераходзе «Каменны Лог».

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0