Беларусы здаўна звыклі на лёс наракаці. Гэтае нам забаронена, на тое грошай няма, дзеля трэцяга не хапае спэцыялістаў. Але цяпер я хачу забыцца на гэтыя нягоды і крыху памарыць аб тым, што трэба было б зрабіць нашым гуманітарам.

Пачну зь філялёгіі. У нас па сёньняшні дзень прынята глядзець на заходнебеларускую літаратуру як на папялушку. Мы старанна пералічваем усе крыўды, якія яна цярпела, падкрэсьліваем неспрыяльныя ўмовы. Усё гэта так. Але ўспомнім Лакснэса: «Раб, якога б’юць, можа стаць вялікім чалавекам. Сыты служка ім ня будзе». Параўноўваючы заходнікаў і ўсходнікаў, ня трэба нават і даказваць, што першыя былі і нашмат больш свабоднымі, і сапраўднымі выразьнікамі імкненьняў свайго народу. Таму, на маю думку, надышоў час зрабіць спэцыяльны курс па іх творчасьці. Зразумела, там павінна быць месца і камуністам, і эстэтам, і ксяндзам. Можа быць прадстаўлена і філязофская думка (Абдзіраловіч, Самойла…), і красамоўства — найлепшыя прамовы беларускіх паслоў у Сойме. А літаратурная дзейнасьць Язэпа Драздовіча — ці вядома яна ўвогуле? Асобнай увагі заслугоўвае заходні погляд на савецкі экспэрымэнт. Тут павінны быць паказаны і ілюзіі наконт «Беларускага Дому» (публіцыстыка Тарашкевіча, «Лісткі календара» М.Танка), і цьвярозы погляд на «цені» А.Луцкевіча, А.Станкевіча, Ф.Аляхновіча.

На савецкі час, калі ён нарэшце стаў гісторыяй (як бы каму чаго ні хацелася), надышла пара па-новаму зірнуць і нам. Не пашкодзіла б стварыць новую гісторыю Кампартыі Беларусі, дзе было б разгледжана ўсё: утварэньне, барацьба нацыянальнай і «інтэрнацыянальнай» плыняў, узаемаадносіны з цэнтрам, спробы кіраваньня культурай, прыродай, суб’екты і аб’екты рэпрэсій, роля камуністаў у гісторыі Заходняй Беларусі і ў вайне. У ідэале такая праца магала б стаць сапраўднай энцыкляпэдыяй беларускай гісторый ХХ ст. Патрэбны таксама партрэты без прыхарошваньня А.Чарвякова, П.Панамарэнкі, П.Машэрава.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Усяслаў Шатэрнік, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0