«Уліс» — няспраўджанае і недасяжнае.

З нагоды выданьня бокс-сэту групы «Ўліс»: «Чужаніца» (1989), «Краіна доўгай белай хмары» (1990), «Танцы на даху» (1993).

Цэлыя выходныя з маёй сідзічкі (упершыню не з касэтніка!) гучаў стары «Ўліс»: тры гадзіны, 44 песьні, а потым зноў ды зноў… «Яны зьядуць мяне, пакуль сьпяваю…»

Калі «Ўліс» ірваў залі Нямеччыны і Польшчы ў 1990-м, мне было восем год і мяне абсалютна не цікавіла, што такога ўздыму папулярнасьці ў айчынных альтэрнатыўных камандаў больш ня будзе ніколі, што літаральна праз тры гады самая таленавітая група ў тагачаснай Беларусі папросту загіне.

Зь цягам год «Уліс» пераўтварыўся ў легенду. Непазнаную легенду. Супрановіча варта ўзяць у гарачыя абдымкі — гэта той чалавек, які нарэшце наважыўся выдаць той «Уліс» на сучасных носьбітах… «Абудзі нас, калі пачнецца жыцьцё…»

Першыя тры альбомы «Ўлісу» для тых, хто нарадзіўся раней за мяне на год 10, — гэта напамін пра няспраўджанае. Дзе той маладзён Андрэй Патрэй, які жвава танчыў на сцэне і запальваў сваім надрыўным вакалам залю? Стаўся шчырым праваслаўным вернікам і жыве пад Воршаю… Дзе той шчыры паэта Фелікс Аксёнцаў, словы якога пра «Краіну ў кратах» разьляталіся па ўсіх канцэртных пляцоўках экс-БССР? Недзе на эміграцыі ў Канадзе (ці жывы?)… А што сталася з тым кучаравым таленавітым гітарыстам Коранем? Цікаўныя ўсё маглі ўбачыць 13 лістапада…

А дзе тыя імпэтныя гледачы, якія, відаць, меркавалі апынуцца ў Эўропе?.. «Калі імпэрыя зьнікне, як дым, дзе ты будзеш і з кім?..»

Для маладых прыхільнікаў беларускай музыкі «Ўліс» узору 1989—1993 зусім недасяжны. Нейкая ірэальная зьява — «вада з вытокаў ракі». Рэха таго нечуванага ўздыму сёньня не чуваць. Словы тых музычных маніфэстаў даўно забытыя. А нехта нават ня ведае, што ТАК было калісьці.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0