На пытаньні «НН» адказвае Нэлі Шчасная, кіраўніца справаў Менскай гарадзкой арганізацыі БСДГ, упаўнаважаная прэзыдыюму «Маладой грамады» па сувязях з грамадзкімі арганізацыямі і палітычнымі партыямі, каардынатарка «Студэнцкай ініцыятывы».
«НН»: Мне сказалі, што гэта ты прыдумала лёзунг беларускіх сацыялістаў «Тваё сэрца зьлева»?
Нэлі Шчасная: Яшчэ ў 1998 г. на сэмінары ў Кіеве, дзе прысутнічалі прадстаўнікі адной кансэрватыўнай партыі, здаецца, чэскай, мне запомніўся адзін іхны плякат. Гэты плякат ні да чога не заклікаў, ён проста паказваў са сьпіны чалавека, які едзе на эскалятары ў мэтро, і ўнізе быў надпіс: «Дзякуй, што вы стаіце справа». І тады я пачала думаць — якая ж можа быць асацыяцыя з чымсьці левым, якая была б усім зразумелая…
«НН»: Хадзіць налева, левы заробак…
НШ: Так, менавіта такія асацыяцыі і прыходзяць у галаву, і мне гэта зусім не падабалася. І на зваротным шляху я падумала пра тое, што ёсьць у кожнага чалавека. Гэта — сэрца, ува ўсіх сэнсах, ня толькі ў фізычным. Так і ўзьнік гэты лёзунг, і прыжыўся.
«НН»: У мяне такое ўражаньне, што жанчыны ў палітыцы ўсё больш зьлева…
НШ: Можа быць, я не рабіла такіх замераў. Пэўны сэнс у гэтым хіба ёсьць. У прынцыпе, кансэрватыўная ідэалёгія прадугледжвае для жанчыны нейкае вызначанае месца. Левая ідэалёгія гэтага месца не прадугледжвае, таму, можа, жанчынам тут лягчэй рэалізавацца.
«НН»: Чым прывабная левая ідэалёгія для цябе і чым можа быць прывабная для Беларусі левая ідэя?
НШ: Я лічу, што ідэалёгія — гэта перадусім лад жыцьця. Мой лад жыцьця больш зьвязаны зь левымі каштоўнасьцямі.
Левая ідэя для Беларусі прывабная тым жа, чым яна прывабная ва ўсім сьвеце. Паводле сацапытаньняў, калі людзей пытаюцца пра каштоўнасьці, то ў ліку першых беларусы ставяць справядлівасьць. Для іх гэта вельмі важна, бо яны так доўга жывуць у атмасфэры двайных стандартаў, кухонных прызнаньняў і ў той жа час яўнай сацыяльнай хлусьні.
Справядлівасьць — адна з важных каштоўнасьцяў для мяне, як і для бальшыні беларусаў. Людзі адчуваюць, што нешта адбываецца насуперак іх волі, яны адчуваюць, што гэта несправядліва ў дачыненьні да іх, да іх дзяцей.
«НН»: А нацыянальная ідэя?
НШ: Мне ня блізкі нацыяналізм, хаця я і вучылася ў Беларускім ліцэі — мой выпуск быў другі. У любой ідэалёгіі ёсьць нейкія станоўчыя моманты. Чалавек заўсёды выбірае тое, што пасуе яму. Немагчыма быць адначасова і лібэралам, і нацыяналістам, і сацыялістам. Гэта не мая ніша, я спакойная за тое, што гэтая ніша ў нас занятая і ёсьць людзі, якія гэтым займаюцца і ў якіх гэта атрымліваецца.
Мне не падабаецца і мяне вельмі моцна адштурхоўвае ў любой кансэрватыўнай ідэалёгіі стаўленьне да іншых людзей, да іншых у шырокім сэнсе слова — да нацыянальных, сэксуальных меншасьцяў і г.д. Я лічу, што кансэрватыўная ідэалёгія, нацыяналістычная ідэалёгія агрэсіўная паводле сваёй сутнасьці. І мне гэта зусім ня блізка.
«НН»: Вось Лукашэнка — левы палітык…
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Гутарыў Алесь Пяткевіч