Найлепшы беларускі тэнісіст Макс Мірны падае ў сусьветным рэйтынгу
Вось і завяршыўся тэнісны сэзон-2004. Мужчынам засталося толькі вызначыць уладальніка Кубку Дэвіса: 3—5 сьнежня ў Сэвільі ў фінале згуляюць зборная Гішпаніі ды крыўдзіцелі беларусаў па 1/2 фіналу амэрыканцы. Сьнежань — месяц адпачынку. Тэнісісты ўступаюць у бой адразу па Новым годзе: 3 студзеня турнірамі ў Адэлаідзе (Паўднёвая Аўстралія) і Катары распачнецца новы сэзон, а 17 студзеня на кортах Мэльбурну стартуе першы турнір Вялікага шлему — Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі.
На мінулым тыдні ў Х’юстане дуэт Максіма Мірнага і Махеша Бхупаці (Індыя) у складзе васьмі наймацнейшых пар сьвету браў удзел у выніковым турніры сэрыі ATP «Masters Cup». Як і летась, беларус спыніўся за крок ад паўфіналу. Беларуска-індыйскі дуэт прайграў у падгрупе вырашальны матч братам-блізьнятам Бобу і Майку Браянам. Дарэчы тая гульня двойчы пераносілася з прычыны моцных дажджоў у Тэхасе.
Калі ня браць пад увагу пасьпяховы выступ у Кубку Дэвіса, сэзон для Мірнага склаўся няўдала. Па выніках 2003 г. у чэмпіёнскай гонцы Асацыяцыі тэнісістаў-прафэсіяналаў (ATP) ён займаў 23-е месца, у індывідуальным рэйтынгу парных тэнісістаў быў першым. А ў жніўні 2003 г. наагул паказаў свой найлепшы вынік у індывідуальным разрадзе — падняўся на 18-е месца.
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Алег Раявец