Многія з тых, хто набываў на гэтым тыдні квіток да Кіеву, мелі ў багажы ня толькі цёплыя пальчаткі, запасныя шкарпэткі ды пігулкі ад прастуды, але й бел-чырвона-белыя сьцягі. «Хартыя’97» ацэньвае колькасьць беларускіх актывістаў у Кіеве ў паўтысячы. Назіральнікі, што вярталіся з выбараў праз украінскую сталіцу, кажуць пра сто чалавек. Прысутнасьць беларусаў на Майдане відавочная — нашыя сьцягі мільгаюць на тэлеэкранах ці не часьцей за ўкраінскія. Кастусь і Аляксей, сябры Маладога Фронту зь Віцебску, якія папрасілі не падаваць іх прозьвішчаў у газэце, распавялі «НН» пра свой удзел у Кіеўскіх падзеях.
Мы прыехалі ў Кіеў суботнім ранкам. Агулам сабралася чалавек 70 беларусаў, ня толькі хлопцы, але й дзяўчаты. Хлопцы-ўкраінцы зладзілі намёты, добры такі лягер выйшаў. Яны, праўда, разьлічвалі, што беларусаў прыедзе чалавек сто. Як паднялі сьцягі, да нас пачалі падыходзіць людзі, пытацца, адкуль мы. Казалі: «Дзякуй, беларусы, што нас падтрымліваеце». У гэтым жа лягеры былі грузіны з Аджарыі, ад арганізацыі «Кхмара». Абяцалі: «Мы перамаглі ў сябе, дапаможам Украіне, а потым да вас прыедзем». У нядзелю, калі «Пара» зладзіла невялікі рок-канцэрт на Кантрактовай плошчы, мы стаялі ў ахове, хоць у нас арганізацыі не было ніякай. Па арганізацыі беларусаў будзем разьбірацца тут, бо там сябе саміх ганьбіць не хацелася.
На Майдане
А дзявятай вечара ў нядзелю мы рушылі на Майдан Незалежнасьці. Мы ідзём, машыны сыгналяць. Але ж і фінансава, вядома, Юшчанку падтрымалі — во-о-ой, гэта трэба бачыць. Увесь горад у постэрах, расьцяжкі зь Юшчанкам на плошчы. Усе машыны езьдзяць са стужкамі ці з плякатамі «За Юшчанку», такія ж стужкі ды сьцяжкі ў кожнага.
На Майдане з палявой кухні давалі гарачую ваду, каб можна было зрабіць распушчальную каву. Былі й бутэрброды. Дзесьці а палове на першую кажуць: усё, разыходзьцеся, хлопцы, мы вас чакаем а дзявятай ранку. Як нам здаецца, яны разьлічваюць на грузінскі варыянт: падлік галасоў зацягнецца, пад’едуць людзі з Заходняй Украіны, будуць у намётах жыць, а калі яны афіцыйныя вынікі атрымаюць, тады ўвесь Кіеў выйдзе ды рушыць на Выбаркам. Да гэтага — так нас адразу папярэджвалі на мітынгу — ніякага гвалту, трэба сяліцца ў намётах ды чакаць.
Свабода ды агітацыя
Уразіў высокі ўзровень свабоды. Колькасьць міліцыянтаў на вуліцах была ў дзясяткі разоў меншая, чым сёньня ў Менску. У дзень выбараў, праўда, панавезьлі міліцыянтаў у двары, але на вуліцах былі толькі адзінкі. Аніякай агітацыі за Януковіча мы ў Кіеве не заўважылі. Абышлі бадай увесь горад, але ўбачылі толькі адну парваную ўлётку ў сьметніцы. Не было й абяцаных Януковічам шахцёраў — іх бы адразу выкінулі з Кіева. А па апазыцыйным Пятым канале паказвалі тэлемарафон ды ладзілі жывыя масты зь Львовам.
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Алесь Кудрыцкі