Дзе месца для кварталу чырвоных ліхтароў?

Менск — эўрапейская сталіца. Гэтая фраза ўсё часьцей і часьцей гучыць з вуснаў афіцыёзу. Які сэнс укладаюць у гэтую фразу чыноўнікі, здагадацца няцяжка. Плён іхнага разуменьня бачыць кожны жыхар і госьць сталіцы. Гэта чысьціня вайсковага пляцу і падсьвечаныя фасады. Але эўрапейскіх сталіц не бывае бяз бруду. Яркага і прынаднага. Бруду сэкс-шопаў, гей-клюбаў, піп-шоў і бардэляў. Бруду Соха і пляца Пігаль. У паваенным манумэнтальным Менску ёсьць месца для жытла, для працы, для шпацыру, але толькі не для плоцевага адпачынку. Цікава, што сказалі б архітэктары-дойліды 1950-х, калі б даведаліся, што самая знакамітая стаянка прастытутак месьціцца ля падножжа манумэнта Перамогі? Гэтая група дзяўчат часам нагадвае несанкцыянаваны ўладамі пікет, які, аднак, ніхто не зьбіраецца разганяць. А дзе ж у Менску можа быць квартал чырвоных ліхтароў?

Валянцін Акудовіч, філёзаф: Ня цэнтар Менску. Гэта не для нашай мэнтальнасьці. Хіба дзе-небудзь на ўскраіне. Я б гэта бачыў дзе-небудзь у аддаленьні ад Менску. Ну, скажам, у раёне Цьнянкі. Квартал аднапавярховых домікаў, вёска чырвоных ліхтароў.

Міхал Анемпадыстаў, мастак: Традыцыйна квартал чырвоных ліхтароў быў на вуліцы Чырвонай. Яна таму так і называецца. Гэта старая, дарэвалюцыйная назва. Таму на новае месца пераводзіць я ня бачу сэнсу.

Алесь Анціпенка, філёзаф: На вуліцы Чырваназорнай. Назва такая і дужа спакойны такі, прывабны, рамантычны закуток гораду.

Лявон Вольскі, музыка: На праспэкце Машэрава, у раёне «Юбілейкі». Бо гэта вядомая стомэтроўка.

Адам Глёбус, пісьменьнік: Па-першае, дзе ў нас што ёсьць? Калі ў нас у рэстарацыях дзеўкі танцуюць, то тут узьнікае пытаньне — дзе мы можам гэта сканцэнтраваць. Хутчэй за ўсё, гэта вуліца Карла Маркса. Гэта вуліца павінна быць у цэнтры, каб да яе можна было пешкі дайсьці. І не на праспэкце. А хто папрэцца на Машэрава? Можна, вядома, наагул зрабіць рэзэрвацыю ў раёне кінатэатру «Аўрора». Але гэта не вырашае праблемы. Усё роўна ўсе дзеўкі стаяць у мяне на плошчы Перамогі.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Гутарыў Зьміцер Бартосік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0