Адказваюць Захар Шыбека, Уладзімер Гілеп, Уладзімер Дзянісаў.

Якім павінен быць цэнтар Менску пасьля абвешчанага аднаўленьня? Пра гэта, мабыць, найлепей распавядуць людзі, якія ведаюць, якім цэнтар сталіцы быў некалі раней. Пра сваё бачаньне рэстаўраванага Менску для «НН» расказалі знаўцы пытаньня — гісторыкі й археолягі: доктар гісторыі Захар Шыбека, старшыня ГА «Беларускі фонд культуры» Ўладзімер Гілеп і старшыня Менскага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры Ўладзімер Дзянісаў.

«Старадаўні вобраз гораду, — расказвае Захар Шыбека, — фармаваўся на аснове храмавых вэртыкаляў — вежаў, званіц. Іх і варта аднаўляць перадусім».

Пералік храмаў, якія неабходна аднавіць, Шыбека пачынае з базылянскага Сьвятадухавага сабору, пазьней пераробленага ў праваслаўны Петрапаўлаўскі. Храм стаяў на пляцы Волі, леваруч ад Дому прафсаюзаў. Першачарговым аб’ектам для аднаўленьня называюць гэты сабор і Дзянісаў, і Гілеп.

«Каля кінатэатру «Перамога», — працягвае Шыбека, — неабходна ўзнавіць кляштар бэнэдыктынак (пазьнейшы Праабражэнскі жаночы манастыр)».

У раёне плошчы Мясьнікова — узнавіць Казанскую царкву, пабудаваную ў 1890 г. і ўзарваную ў савецкі час. У раёне скрыжаваньня вуліц Лібкнэхта і Каржа — лютэранскую царкву Сьвятога Мікалая 1862 г.

Гісторык лічыць, што ня варта абмяжоўвацца ўзнаўленьнем толькі хрысьціянскіх храмаў. Неабходным кампанэнтам аднаўленьня храмавай прасторы Менску Шыбека называе мячэт у раёне гатэлю «Юбілейны» і харальную сынагогу на Валадарскага.

Разам з аднаўленьнем храмаў Шыбека мяркуе неабходным аднаўляць і прастору вакол іх: «Пры Марыінскім езуіцкім касьцёле была ж і школа. Чаму не аднавіць будынак езуіцкага калегіюму, які стаіць побач з касьцёлам?»

Уладзімер Гілеп свой пералік адноўленых будынкаў Менску таксама пачаў з храмаў — дамініканскага кляштару 1605 г., першага мураванага будынку ў Менску: «Падмуркі дамініканскага касьцёлу закансэрваваныя й прымыкаюць да Палацу Рэспублікі. Сваім часам іх раскопваў Пазьняк, і я ўдзельнічаў у тых раскопках. Тады іх закансэрвавалі так, каб можна было адкрыць і музэефікаваць. Быў распрацаваны праект музэефікацыі, які зрабіла тая самая група архітэктараў, што праектавала і Палац Рэспублікі.

«Цацачкай», на думку Гілепа, будзе і адноўленая Праабражэнская царква (былы касьцёл бэнэдыктынак) каля кінатэатру «Перамога»: «Яна невялічкая па памеры й якраз бы туды ўпісалася».

Старшыню БФК турбуе й аднаўленьне знакавых будынкаў, якія сьведчылі б пра культавыя мясьціны беларускай гісторыі й культуры. Па-першае, трэба аднавіць дом, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч (скрыжаваньне вуліц Багдановіча й Старажоўскай).

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0