Найноўшыя ўкраінскія падзеі яшчэ доўга будуць аналізавацца беларускімі палітолягамі й палітыкамі.

Сапраўды, каштоўны матэрыял для роздуму.

Тут дарэчы прыдаўся апошні, пяты сёлетні нумар «Arche», у якім расейскамоўныя і беларускамоўныя інтэлектуалы нашай краіны спрачаюцца пра ролю і месца беларускай мовы ў Беларусі.

Падаецца мне, ня варта казаць пра «шэрую, паслухмяную масу», маючы на ўвеце ўкраінскі ўсход, — гэткая мэтафара не зусім тактоўная. І ўсё ж… У адрозьненьне ад захаду, які выступае за дэмакратыю, эўрапейскі вэктар разьвіцьця, дзяржаўнасьць і родную мову, расейскамоўны ўсход выступае супраць… Супраць Юшчанкі, украінскай мовы, паўнацэннай незалежнасьці. Расейскамоўны ўсход дэкляруе аб стварэньні аўтаноміі (ягоная столь палітычнага развою?), да каштоўнасьцяў самастойнай дзяржавы ён абыякавы. Выступаць супраць — ці ёсьць гэта стваральнае імкненьне?

Гледзячы супраць чаго, скажаце вы. Можна выступаць супраць тыраніі, дэспатызму, эканамічнай стагнацыі — ці будзе гэта адмоўным жаданьнем? Не, вядома, калі ўзамен тыраніі будзе прапаноўвацца нешта прагрэсіўнае.

Наяўнасьць нацыянальнага рухавіка ўкраінскай «аранжавай» рэвалюцыі дае нам спадзеў і веру. Калі будзе магчымая ўкраінская Ўкраіна, дык чаму ня быць магчымай беларускай Беларусі?

Алесь Аркуш, Полацак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0