Дырэктару РУП «Белсаюздрук» Падгайнаму М.В.

В.а. дырэктара УП «Менгарсаюздрук» Івінскай Т.І.

Шаноўныя кіраўнікі арганізацый, што распаўсюджваюць прэсу!

Зьвяртаемся да Вас з просьбай паспрыяць таму, каб у газэтных шапіках зьявіліся існуючыя літаратурна-мастацкія часопісы «Дзеяслоў» і «Arche-Пачатак». Гэтыя выданьні робяць вялікую справу папулярызацыі беларускага слова, беларускае думкі. Яны працуюць нешаблённа, змагаюцца за сваю аўдыторыю.

Прыкрая недарэчнасьць, што часопісу «Дзеяслоў» было адмоўлена ў заключэньні дамовы на распаўсюд, а дамова на распаўсюд часопіса «Arche-Пачатак» была разарвана ў лістападзе. Між тым вяртаньне часопіса «Arche-Пачатак» па УП «Мінгарсаюздрук» за два апошнія гады не перавышала 20—30%, што вельмі мала нават па эўрапейскіх мерках як для літаратурна-мастацкага выданьня і паказвае на прыбытковасьць распаўсюду інтэлектуальных часопісаў. Калі ж па РУП «Белсаюздрук» вяртаньне часам і будзе большае, дык ці ня варта проста аптымізаваць рэгіянальную раскладку продажу выданьняў ці колькасьць прадаваных асобнікаў? Адсутнасьць часопісу ў продажы азначае, што спажыўцы недзе ў Лідзе ці Лунінцы зусім ня маюць магчымасьці знаёміцца з навінкамі беларускае і сусьветнае літаратуры.

Не рабіце грахоў перад айчынай, перад словам дзядоў і прадзедаў, ашчаджайце і абараняйце беларускае слова! Просім Вас знайсьці магчымасьць, каб у шапіках і крамах зьявіліся літаратурна-мастацкія часопісы «Дзеяслоў» і «Arche-Пачатак».

Алесь Бадак, Лявон Баршчэўскі, Пётра Васілеўскі, Анатоль Вярцінскі, Алесь Жук, Сяргей Законьнікаў, Васіль Зуёнак, Вольга Іпатава, Анатоль Кудравец, Алесь Масарэнка, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Сіўчыкаў, Міхась Скобла, Кастусь Цьвірка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0