У апошнія часы ўзьнікаюць розныя канцэпцыі рэгенэрацыі нашага гораду, але пры тым гучыць адно толькі тэма разьвіцьця турызму і турыстычнага бізнэсу. Шчыра кажучы, калі я гэта чую, мяне пачынае калаціць амаль у прыступе нэрвіцы.

Рэч у тым, што культурны вобраз краіны, гораду, зарыентаваны на турыстычную пацяшальнасьць, ня мае нічога супольнага з уласна культурным зьместам, са спрадвечным прызначэньнем намоленых месцаў. Гэта як процілегласьць вонкавага і ўнутранага, як вэктары, зарыентаваныя адзін на забаву, другі на быцьцё, адзін дзеля прыбышоў (прытым незалежна, прыедуць яны з Амэрыкі ці з Асіповіч), другі дзеля тубыльцаў.

Маю права прамаўляць гэткія думкі як чалавек, які мае ў сваім родзе пяць пакаленьняў карэнных менчукоў і, разам са сваім братам Ігарам Кашкурэвічам, прысутнічае ў раёне Старога места ўжо болей за 20 гадоў. Супольна з прадстаўнікамі свайго пакаленьня мы напаўнялі сваім жыцьцём, творчасьцю, зьместам невялікую майстэрню, што на Рэвалюцыйнай, былой Койданаўскай вуліцы. Колькі за гэтыя гады тут зарадзілася самых разнастайных культурных ініцыятыў — мастацкіх, літаратурных, філязофскіх, навуковых, фальклёрных, — колькі асоб, што прайшлі праз гэтую прастору, сталі цяпер лідэрамі шматлікіх культурных плыняў…

Але надыходзяць трывожныя часы — нас чакае РЭСТАЎРАЦЫЯ. Што за гэтым? Траецкае прадмесьце, Верхні горад — ужо відавочны таму прыклад. Месцы без душы. Бяз праўды. Сурагат старажытнасьці. Ну навошта, каму патрэбен старажытны горад безь ягоных насельнікаў, без уласьцівага толькі яму водару, нават… без праўдзівых муроў, замененых на штучныя макеты. Навошта стары горад без мастакоў, музыкаў, актораў, без галерэяў і тэатраў, бязь нейкага, дазволю сабе нават заўважыць, анархічнага духу. Горад ствараюць, шмат у чым стыхійна, самі людзі — знаходзяць сабе дзялкі, абжываюць іх, ствараюць жывыя асяродкі. Прыгадайма, наколькі жывым, можа, не найдасканальнейшым, але жывым, быў мастацкі кірмашык у сквэры ля цяперашняе Ратушы. Цяпер жа — стэрыльна і мёртва, хоць адноўленая Ратуша нібыта й цешыць самалюбства неабыякавых да гісторыі гараджанаў.

Часьцяком у старым Менску ўбачыш дзіўныя рэчы: у горадзе, які хоць крыху, але мае гістарычных муроў XVII—XIX ст., рэстаўратары іх жа імітуюць (!) пад старажытнасьць — фасады дамоў XVIII ст. аздабляюць дзікімі камянямі, скляпеністы інтэр’ер кавярні з аўтэнтычнай муроўкай абштукоўваюць італьянскай тэракотавай пліткай пад «даўніну»… І гэта, на жаль, вельмі паказальна для ўсёй сытуацыі ў беларускай культуры, калі на ўсіх узроўнях праўда замяняецца на імітацыю.

Цалкам артыкул чытайце ў "Нашай Ніве"

Тодар Кашкурэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0