«Канал сумленных навін» б’е рэкорды ўкраінскіх тэлерэйтынгаў

Апошнія тры тыдні ва Ўкраіне бесьперапынна працуюць мільёны тэлевізараў. Зазірні ў любы экран — і ўбачыш у кутку лічбу «5», лягатып «Пятага каналу». Каб ня ён, хто ведае, ці была б «Аранжавая рэвалюцыя» пасьпяховай.

Каб трапіць у будынак «Пятага каналу», трэба перайсьці па пешаходным мосьце на Рыбальскі востраў, індустрыяльны раён, што месьціцца на аточанай Дняпром паўвысьпе. Ажно ня верыцца, што тут, на 11-м паверсе шэрага гмаху, разьмешчанага на тэрыторыі заводу «Ленінская кузьня», куюць рэвалюцыю.

Ганна Гаражэнка, кіраўнік міжнароднага аддзелу, сьцьвярджае: «Нам часта закідаюць, што «Пяты канал» зрабіў рэвалюцыю ва Ўкраіне, людзі Януковіча называюць нас дэструктыўным элемэнтам. Але на «Пятым канале» працуюць толькі 9 журналістаў, якія расказваюць пра ўнутраныя падзеі, 4 «міжнароднікі», якіх цяпер таксама кінулі ім на дапамогу, а таксама некалькі вядучых. Ці магчыма зрабіць рэвалюцыю такімі малымі сіламі? Калі б народны настрой не дасягнуў пункту кіпеньня, ніякія мэдыі ня вывелі б столькі людзей на вуліцы. Мы проста асьвятляем падзеі».

«Натуральна, у нашай працы было шмат небясьпек, — кажа Ганна, — асабліва, калі журналісты выяжджалі на ўсход». Улада грэбліва ставіцца да «Пятага каналу», — лічыць яна. «Адзін раз нашай здымачнай групе дазволілі прайсьці ў Кабмін. Ну вось, падумала я, нарэшце ўлады вырашылі з намі паразмаўляць! Але выявілася, што нас пусьцілі толькі для таго, каб мы маглі правесьці за сабою, нібы «прычэп», здымачную групу каналу РТР, а таксама вывесьці яе з будынку, ачэпленага дэманстрантамі. Нас проста выкарысталі».

Экстрэмальныя ўмовы працы зрабілі з журналістаў сапраўдную каманду.

«Нас зблізіла забастоўка ў кастрычніку, калі нас намагаліся закрыць, — галадалі і кіраўнікі, і прыбіральшчыцы. 190 гадзін прасядзелі тут, у фае, на гэтай канапе».

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0